Рецензия на книгу
Vilnius Poker
Ričardas Gavelis
SashaLesnik29 ноября 2024 г.Такі Віленскі покер вы ніколі не бачылі
Каб жа ж я адразу ведаў, за што бяруся...
Я, як заўсёды, доўга збіраю кнігі на паліцах, а чытаю іх шмат пазней, але мой знаёмы прачытаў адразу. Сказаў, вельмі цяжка чытаецца, шмат філасофіі, параіць цяжка. Для мяне перш за ўсё гэтая кніга была цікавай, бо яна пра Вільню. Але ж я не ведаў тады, што раман сапраўды ВЕЛЬМІ цяжкі...
Спачатку, старонак 100, ты наогул не разумееш, што адбываецца. Ёсць нейкі галоўны герой - Вітаўт Варгаліс. Ён жыве ў сталіцы Літвы, у Вільні, працуе ў бібліятэцы, сядзеў у турмах за свае думкі пра незалежнасць Літвы ад СССР. Аповед ідзе ад імя Варгаліса. І думкі Вітаўта - гэта суцэльная блытаніна. Проста нейкае булькаючая варыва з думак. Вось ідзе чалавек па вуліцы і бубніць нешта сабе пад нос пра ўсё, што бачыць, пра што было і пра што хацелася, как было, але не будзе. І гэтыя думкі часам вельмі брыдотныя. Вельмі добра пра гэта гаворыць сам ГГ - каля мяне стаіць жанчына, я ёй падабаюся, але яна не ведае, што у маёй галаве гномікі, якія безупынна ванітуюць. А вось вам, чытачы, думкі пра чалавека, які зняў штаны і спускае на землю каўбасу... І ты такі чытаеш усё гэта і думаеш - наогул навошта я гэта чытаю... Гэта ж трызненні п'янага чалавека, альбо чалавека, які запусціў сабе хмурага па венах. Хібо можа быць што карыснага ў гэтай бязглуздзіцы? Нават на самой вокладцы напісана цытата чалавека з аднаго сайта, што ён не змог прайсці далей 100 старонак, бо гэта чытаць наогул немагчыма.
Здаецца, можна тыкнуць пальцам я любое месца і пачынаць чытаць з яго. Ці перачытваць тое, што чытаў учора - не будзе ніякай розніцы. Не буду хлусіць, мне таксама хацелася кінуць чытаць, хаця б на нейкі час. Але ж я быў у водпуску, нікуды не спяшаўся, таму проста здаўся і чытаў сказ за сказам. І вось жа ж цікава, што потым мне чыталася лягчэй. П'яныя трызненні пачалі складвацца ў нейкую больш зразумелую карціну. Ты разумееш, што галоўны герой - гэта чалавек, якога пабіла жыццё. Ён злы на ўвесь свет. На шэрую і брыдкую Вільню, на бязглуздых віленчукоў, на варожую краіну саветаў. Ён быў вязнем, але змог перажыць здзекі, неяк выжыў, неяк прызываіўся да новага жыцця. Але не хоча і не можа з гэтым мірыцца. Для яго ўсё, што ён бачыць, брыдкае. Нават жанчыны, якія каля яго круцяцца, гэта проста похва і вялікія грудзі. Дарэчы, пра жанчын вельмі брудна напісана...
І праз старонак прыкладна 200 я пачаў разумець, што адбываецца, і мне стала вельмі цікава. Бо гэта раман-галаваломка. Гавяліс не кажа пра рэчы проста, ён апісвае іх праз гамерычныя параўнанні. Айтар не піша дакладна, дзе жывае герой рамана, дзе працуе, з кім ён сябруе, пра што гаворыць на працы. Таму і цяжка усё гэта чытаецца. І прыблізна напалове кнігі ты наогул пазнаеш, што гэта ДЭТЭКТЫЎ! Бо потым, у другіх раздзелах ідзе гаворка ужо ад другіх людзей, якія былі разам з Варгалісам. Тыя людзі ўжо і думаюць інакш, па-іншаму вядуць гаворку. Што яны думаюць пра Варгаліса? Чаму адбылося забойства? Хто ахвара? ЦІ магло так здарыцца?
Раман проста неверагодны па напружанню. Спачатку тое, што адштурхоўвала мяне ад сябе, стала вельмі прыцягальным. Вельмі цікава было пачуць ад літоўцаў думкі пра Літву, пра будучыню, пра мінулае. Я лічу, што не трэба лезці да чалавека, каб навязаць яму свае думкі, трэба спачатку пачуць яго меркаванні, пачуць яго крык душы. Чаму літоўцы такія? Ну дык вось чытайце, глядзіце, думайце...
Ужо дачытаўшы раман, я адразу падумаў, што трэба б было яго перачытаць, шмат новага дазнаюся... "Віленскі покер" цяжкі, "Віленскі покер" вялікі, "Віленскі покер" незразумелы, але вельмі правабны.
Мяне не турбавала нянавісць ГГ да ўсяго савецкага, але ж некаторыя месцы ўсё ж крыху рэзалі. Беларусаў у кнізе няма. Ну як няма, ёсць Стэфка, але яна пра сябе кажа, што яна тутэйшая, бо сама не разумее, хто яна па жыцці. Пераехала калісьці ў прыгожую Вільню, але так і засталася тутэйшай, якой няма месца ў "цывілізаваным" свеце. Дык вось Гавяліс піша пра магутнае мінулае Літвы, што займала амаль паўЕўропы, што ўсе баяліся літоўцаў, а палякі і рускія такія дрэнныя... Ні слова пра суседаў. Суседзі рускія, не болей. Мне смешна гэта чуць ад жамойтаў. Ну сапраўды ж не тую краіну назвалі Літвой, не тую... На якой мове гаварылі ў ВКЛ? А? На якой? Але ж у гэты час я пачынаю сябе адчуваць нейкім брыдкім імперцам, таму чаму б не пакінуць усё так, як ёсць. Хай кожны сабе нешта думае, абы не біліся...
Цяжкі для ўспрымання раман, але манументальны для літоўцаў. Я б з задавальненнем прачытаў нешта такое пра Мінск, але няма ў нас сваіх Гавялісаў. Сам "Віленскі покер" таксама, як і знаёмы, рэкамендаваць не буду, бо складаны твор. І дарэчы мне вельмі падабаецца назва твора, бо віленскі покер ідзе ад назвы вар'яцкага твора, які граў віленскі джаз-бэнд у кнізе. Вось уся кніга як і той дурны вычварэнскі джаз. 8/10.4158