Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Яблычак

Сяргей Пясецкі

  • Аватар пользователя
    SashaLesnik27 ноября 2024 г.

    Высакародны бандытызм

    Сказаць па праўдзе, амаль нічога не чакаў ад "Яблычка". Аўтар для мяне новы (хоць ён і з Ляхавіч, што недалёка ад мяне), малюнак на вокладцы так сабе, не прываблівае, але цікава было б пачытаць пра Мінскнапрыканцы першай сусветнай. Хто пра гэта яшчэ пісаў? Не ведаю. Яшчэ адзін цікавы момант - галоўны герой - звычайны бандыт, злодзей, які крадзе па начах тое, што дрэнна ляжыць.
    Пачынаецца раман здалёк, з маладых гадоў маці Аляксандра Барана (той самы галоўны герой кнігі). Як яна жыла служанкай, як ёй было цяжка, але яна не губляла веру з жыццё. Дарэчы, яна мне вельмі нагадала маю бабулю, якая рана страціла бацькоў і прайшла праз шмат цяжкасцей, але заўсёды была руплівай і жыццярадаснай. І вось гэтае дзяўчо нечакана зацяжарыла, нарадзіла хлопца, але хутка сыйшла з жыцця, таму Аляксандру Барану прыйшлося неяк хлапаціцца пра сябе амаль што самому. Таму неяк не дзіўна, што Аляксандр вырашыў звязаць жыццё з крадзяжом. Аўтар пра гэта піша, што не трэба вініць за гэта чалавека, таму што ў той час цяжка было выжыць, таму і шляхі ў кожнага былі свае. Да таго ж выкрасці - гэта не значыць забіць ці скалечыць. І ў рамане Баран паўстае нейкім такім высакародным злодзеем, які абкрадвае толькі тых, каго можна, хто не будзе потым на паперці стаяць. Ды й грошы потым часта ідуць на добрыя ўчынкі. Дарэчы, Пясецкі сам сядзеў, таму ведаў, пра што пісаў.
    У "Яблычку" мы сочым за тым, як жыве Баран. З кім ён сябруе, каго ён кахае і з кім хоча звязаць сваё жыццё. Пра што думае, як дапамагае тым, каму патрэбна дапамога (напрыклад, выратаваў сабачку, з якога дзеці здзекваліся). Усе гісторыі вельмі цікавыя, мяне за вушы было не адцягнуць ад кнігі. Гэта той самы рэдкі выпадак, калі ты проста не можаш адкласці кнігу да заўтра, бо вельмі цікава, што будзе далей. І ў "Яблычку" не так шмат злачынстваў. Проста гісторыя жыцця. Часам вельмі смешна (так, ёсць вельмі прышпільныя анекдатычныя гісторыі), часам перажывальна, часам сумна.
    Кніга вельмі спадабалася. Праз тры дні чытання адразу хацелася узяцца адразу за працяг, бо гэта трылогія. Жывы Мінск, жывы чорны свет Камароўкі, жывыя героі, жывыя гісторыі. Цікава! 9/10.

    5
    180