Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча

Людміла Рублеўская

  • Аватар пользователя
    Morra4 декабря 2014 г.

    Шаноўнае панства, а не жадаеце накіравацца ў небяспечную вандроўку, апынуцца ў змрочных і волкіх сутарэннях, выйсці на двубой са смяротным ворагам, вызваліць чароўную даму з палону?.. Асартымент багаты, ёсць з чаго выбраць. Не жадаеце? На канапе з кніжкай зручней? Зразумела. Але ў любым узросце душа ўсё роўна жадае падарожжаў, прыгод і авантур. Дык падзякуем жа пісьменнікам, якія задавальняюць нашы патрэбы ў незвычайным, асабліва калі гэта адбываецца на роднай мове і ў дэкарацыях роднай гісторыі. Цудоўна, што ў гэтам жанры з'явіўся нават ужо не адзін раман - цэлая серыя (бо - зараз я раскрою таямніцу - трылогія хутчэй за ўсё будзе мець працяг; і калі вы прачытаеце трэці раман, вы самі ў гэтым пераканайцеся - так і цягне дадаць апошнім сказам "to be continued").

    За тры кнігі галоўныя героі моцная змяніліся. Баўтрамей Лёдник аброс фаміліяй, навуковымі поспехамі, сэксуальнай прыцягальнасцю і нават звышнатуральнымі сіламі, гэткі зусім ідэальны мужчына (у часткі поглядаў, ідэалаў, здольнасцей) і герой рамана (у часткі каханак і зноў жа здольнасцей). Пранціш Вырвіч пачаў вайсковую службу, перастаў спальваць вершы, нарэшце вызваліўся з абдоймаў былога кахання (каб уваліцца ў новае) і ўвогуле пасталеў, што мне вельмі падабаецца, бо я люблю назіраць за дынамікай развіцця герояў (а даводзіцца гэта рабіць не заўжды). Але адна рэч засталася нязменнай - дзіўны дуэт па-ранейшаму прыцягвае на сваю галаву авантуры.

    Калі параўноўваць усе тры часткі, то моёй улюбёнай застаецца першая, бо далей выкарыстоўваецца адна і тая ж схема - яна не благая і ў нейкім сэнсе класічная для прыгодніцкіх раманаў, але яна ўжо так не ўраджвае як у першы раз. Да другой кнігі ў мяне засталося шмат пытанняў, але там знаходзіцца самы шыкоўны эпізод - горад, эканоміка якога пабудавана на жаху перад цмокам. А вось трэцяя частка падалася больш моцнай і займальнай, чым другая і я ледзь не паставіла трывалыя чатыры балы, але... прыватныя, так бы мовіць, прусакі запярэчылі. А справа ў тым, што асабіста мне больш падабаюцца гістарычныя прыгоды, пабудаваныя на рэальных і малавядомых падзеях (ідэалам сучаснага прыгодніцкага рамана для меня застаецца "Флэшмэн"). Таму я ў захапленні ад з'яўлення на старонках кнігі імя Жылібера і рэформ Тызенгаўза і таму я не ўхваляю падарожжа ў Паўночную Пальміру, знаёмства з Кацярынай Другой, спробы Лёдніка авалодаць усходнімі штучкамі і некаторыя гістарычная недакладнасці (якія, аднак, для чытача надвор'я не робяць). Але ўсё гэта нагадвае "як бы рабіў я, калі б я быў пісьменнікам". Таму не слухайце мяне - раман у сваім жанры вельмі добры і я смела магу раіць усю трылогію аматарам прыгод і авантур.

    І апошняе. Чалавечы фактар усё ж такі вельмі моцная рэч - сустрэча з Людмілай Рублеўскай на прэзентацыі трэцяй кнігі некаторыя моманты зрабіла больш зразумелымі і ўвогуле пакінула вельмі прыемныя ўражанні. Гэта цудоўна, калі аўтар шчыра цікавіцца меркаваннямі сваіх чытачоў.

    28
    1,4K