Рецензия на книгу
Шляхтич Завальня, или Беларусь в фантастичных повествованиях
Ян Барщевский
Аноним14 июля 2014 г.У юнацтве, калі прачытаў гэтую кнігу, яна была для мяне ў адным шэрагу з улюбёнай містыкай Сцівена Кінга. Зараз разумею, што гэта твор іншага кшталту і бліжэй да яго будзе шэраг казак братоў Грым, якія яны збіралі будучы таленавітымі фалькларыстамі. Ян Баршчэўскі таксама па-мастацку здолеў апрацаваць вусную народную творчасць жыхароў Віцебскай вобласці, таму мы з гонарам адносім "Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" да беларускай літаратуры, хоць у арыгінале твор пісаўся па-польску, а вучыўся і жыў аўтар у Санкт-Пецярбурзе. Гэта як было на беларускім радыё, калі сказалі, што 75% музыкі павінна быць беларускай, і тады рэдактары запісалі беларусамі па нараджэнні і Дзіяну Арбеніну, і касмапалітаў Шуру Бі-2 і Лёву Бі-2, і нават Барыса Маісеева, які лепш бы не прызнаваўся нашым земляком.
Пачуў першы раз пра "Шляхціца Завальню", калі ляжаў у бальніцы на пераабследаванні ад ваенкамата. Там пазнаёміўся з маладым хлапцом Антонам Вантухам, які вучыўся на архітэктара і касіў ад арміі, як і многія ў тым аддзяленні. Ён аказаўся вельмі цікавым субяседнікам, які распавядаў пра архітэктуру Менска, пра мары аб Італіі і пра твор Я. Баршчэўскага. Яго сябра зрабіў вельмі цікавыя ілюстрацыі да "Шляхціца Завальні", што падаліся і мне арыгінальнымі, калі я іх пабачыў на ноутбуку Антона. Ведаеце, ёсць такія малюнкі, угледзеўшыся ў якія разумееш, што яны складваюцца з іншых, больш дробных рысункаў. Гэтыя ілюстрацыі былі менавіта такімі: малюнкі складаліся то з кажаноў, то са змей, то з чорных котак, якімі населены мастацкі свет Я. Баршчэўскага. Крыўдна было пачуць, што ніводнае выдавецтва не ўзялося за друк такой кнігі, маўляў, план не патрабуе. Крыўдна было і самому мастаку, бо, як сапраўднаму патрыёту, яму не хацелася прадаваць ідэю за мяжу, але ўсё ж такі задумаўся і аддаў ілюстрацыі палякам, якія прапанавалі цудоўныя ўмовы па выданні кнігі з яго графікай. Я. Баршчэўскі называў паўночных беларусаў задуменнымі з адбітым смуткам на твары, а як за такім народам не схаваецца такое мноства таямніц?
Мне здаецца, кніга Я.Баршчэўскага яркі прыклад таго, што аўтар скарыстаўся ўсімі трыма крыніцамі чалавечай творчасці, ідэй і вандроўных сюжэтаў: фальклор (працінае ўсю кнігу, узяць хаця б "Нарыс Паўночнай Беларусі", дзе распавядаецца пра самотныя вясельныя песні, абрад заручын і папараць-кветку на Купалле), Біблія (менавіта сімвалы хрысціянскай веры дапамагаюць героям перамагчы зло) і антычная ліатаратура (драўляны дзядок з тварам Сакрата, ды і сам аўтар Янка распавядае дзядзьку Завальні пра Адысею, поўную чараў і дзіваў).
Заўважна, што аўтара хвалююць сацыяльныя праблемы і сялянскія пытанні. Напрыклад, ён адмоўна ставіцца да няроўных шлюбаў (шлюб Алены з Іллёй у "Ваўкалаку", шлюб Карпы з Агапкай у апавяданні "Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем"). Піша, што не выконваліся абрады і не спяваліся вясельныя песні, чым асуджае гэтыя шлюбы разам з народам, народным вопытам.
Апавядальнікі фантастычных гісторый таксама з простага люду, які і з'яўляўся носьбітам міфаў, паданняў, легенд, што пакладзены ў аснову нацыянальнай літаратуры і культуры. Напрыклад, фурман пана Марагоўскага Якуш распавядае пра сябра Марка, які ў сваю чаргу ад першай асобы расказвае пра сваё гаротнае жыццё суседу Якуша. Пэўна, такім чынам Я. Баршчэўскі хацеў выказаць свае ўласныя пачуцці, а калі распавядае ад 3-й асобы адпаведна мусіць застацца нейтральным. Гэтае апавяданне "Ваўкалак", на мой погляд, адно з самых філасофскіх у творы. Віктар Цой спяваў, што ў кожным з нас спіць воўк, у кожным з нас спіць звер, і ён адчувае яго рык, калі танчыць. Прачнуўся такі звер і ў Марку. Спачатку мы спачуваем яго трагедыі, а пасля ў ім самім прачынаецца помста. Хрыстос вучыў нас дараваць, і аўтар таксама вучыць нас не даваць выйсці з сябе ваўку. Якуш напачатку расповеду кажа, што нельга забіваць некаторых ваўкоў, бо ў іх душы чалавечыя, а калі забіць - яны не адпакутваўшы пойдуць у пекла, а чалавек, які забіў пярэваратня таксама адкажа перад Богам. Вось і ў кінастужцы "Воўк" з удзелам Джэка Нікалсана паказаны пакутнік у яго выкананні і дзяўчына, якая ў канцы застаецца пакутваць з ім. Героя Нікалсана ўкусіў воўк і ў ім адкрываюцца новыя магчымасці, але гэта не дар, а пакаранне. Ён пачынае помсціць і становіцца забойцам - пакутуе сам, бо ў яго душа чалавечая, а бываюць людзі з нечалавечай душой, якім не патрэбны ўкус, бо драпежнасць у іх прачнецца сама. Ваўкалак у Я. Баршчэўскага не такі, як у еўрапейскай традыцыі. У славянскай міфалогіі ваўкалак заўсёды бегае ў абліччы ваўка. І нішто не можа вярнуць яго ў аблічча чалавека, акрамя дапамогі іншым, веры, крыжа і добрых учынкаў. У еўрапейскай жа традыцыі часцей чалавек становіцца зверам ноччу, а ўдзень наадварот. Калі мы кажам пра ператварэнне ў час поўні, то размова павінна ісці пра пярэваратня, які можна не толькі ў ваўка пераўтварацца, але і ў птушак, і ў іншых жывёл, як Усяслаў Чарадзей, напрыклад. У апавяданні "Ваўкалак" найбольш раскрыты ўнутраны свет персанажа, што робіць твор вартым мастацкай літаратуры, а не фальклорнага збору.
Не пераказваю сюжэт апавяданняў Я. Баршчэўскага, бо вы прачытаеце яго самі і, безумоўна, адчуеце асалоду. Я ж толькі з пункту гледжання кампаратывістыкі правёў некалькі паралеляў, на якія, думаю, трэба звярнуць увагу. У астатнім жа міф сапраўды па-мастацку апрацаваны аўтарам у кожным апісанні, у кожным вобразе, у кожнай думцы. Чытайце, або пастаўце, як Шляхціц Завальня, у буру свечку на вакне і, можа быць, да вас таксама завітаюць вандроўнікі, што заблукалі ў завеі і за начлег з вячэрай расплоцяцца сваімі фантастычнымі апавяданнямі.
Нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнай птушкі, густыя бровы, пагляд яго - як у чалавека ў роспачы ці вар'ята, апранахі яго - чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носіць ксёндз ці пан; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі ці манах які, з панам размаўляў на нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што гэта чарнакніжнік, які вучыў пана рабіць золата і іншыя штукі ад нячысціка... Можа, гэта камусьці здалося; можа гэта справа злых духаў, а можа, проста фантазія народа беларускага, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі водныя (вадзянік), зямныя (хляўнік, што мучыць жывёлу), хатнія (дамавік), вартаўнікі лясоў (лясун) і скарбаў (сатана, пракляты - ад заклінання скарбаў).131,1K