Рецензия на книгу
Парфюмер. История одного убийцы
Патрик Зюскинд
Plushkin24 апреля 2014 г.Ой, ну што тут скажаш? Усё тое самае, што ўжо казалі ў іншамоўных галінах гэтага твору, толькі цяпер на беларускай. Ну вось жыў такі выключны чалавек - Грануй, які разумеў пахі лепш за словы, але сам паху не меў. Хаця, чаму я назваў яго чалавекам? Клешч у чаканні крыві. Аватар д'ябла. Мараль для яго была пустым гукам, за незвычайны водар ён забіваў не задумваючыся. А ўласнаручна складзеныя ім парфумы маглі рабіць з людзьмі што заўгодна, ахвяры Грануя не ўсведамлялі, што падпарадкоўваюцца чужой волі... Але ж на самой справе быў Грануй і вельмі нешчаслівай істотай - ён быў не такі, як усе, і вельмі добра гэта ўсведамляў. Ён не меў паху, не мог любіць, кахаць і яго ніхто не любіў і не ўспрымаў як супляменніка. І гэтае жаданне любові (а, значыць прага мець душу) прыводзіць яго да канца, жахліва нагадваючага нешта хрысціянскае (ешце плоць маю...)
Дзіўна, што, на першы погляд, кніга мала мае дачыненняў да рэчаіснасці - не бывае такіх людзей і здарэнняў і, калі рацыянальна разважаць, то і ня можа быць - у рамане шмат лагічных супярэчнасцей. Але вось нешта не адпускае ўжо пару тыдняў. Верагодна таму, што твор атрымаўся чымсці большым, чым байкай пра чарговага маньяка. Чытаць варта хаця б дзеля таго, каб памятаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця і прыгажосці ў свеце.
Асабліва хочацца сказаць пра пераклад. Ён добры. Добры нягледзячы на тое, што Васіль Сёмуха любіць ужываць запазычаныя з рускай ці ўкраінскай моваў словы. Вось што сказаў пра яго Ян Максімюк:
Я ўзяў аловак і стаў выпісваць прыгожыя словы і выразы, каб набрацца іх як найбольш. Вось зь некалькіх пажаўцелых старонак, якім ужо болей за пятнаццаць гадоў (я чытаў пераклад амаль адразу пасьля таго, як ён зьявіўся ў «Крыніцы» у 1995), я перапісваю вам жменю перакладчыцкіх прыгажосьцяў: пацяробкі цемры; прыходзіць да жывое памяці; дацца ў нясьцерп; высьмердак; згопалу сказаць; паганскія вычмуры; д’яблавоціна; скацубіцца; прыродная выбракоўка; жыць купна; гнюсотная штурхатня; напіцца пад самую загнетку; падвесьціся на нюху; спаруда промыслу Божага; млосьціць ад голаду і смагі; нагурбаваць сьнегу; строіць зь сябе важніка; у сплюск вока; упакорваць гардыню: лішніца начной оргіі; etc. etc...
Ну што тут яшчэ сказаць? Магчыма, некаторыя з чытачоў нашага сайта, а то і ўсе, бачылі фільм Тома Тыквэра, пастаўлены паводле «Парфумы» Патрыка Зюскінда. Супэрскі фільм, нічога ня скажаш. Але калі вы ня бачылі перакладу Васіля Сёмухі, дык вы нічога ня бачылі...Праўда, той тэкст, што ляжыць зараз у сеціве нейкі дзіўны: гэта сумесь яўна адсканаваных кавалкаў з набранымі ўручную (магчыма, самім перакладчыкам) - таму колькасць самых розных памылак проста зашкальвае. Я ўзяў на сябе працу і выправіў памылкі, а ў некаторых месцах папрацаваў і як карэктар. Прыйшлося даперакласці знікшы радок і ўзнавіць усе згубленыя зноскі. Сваю працу я абавязкова пасля яшчэ аднаго вычытвання выкладу на ўсім вядомыя сайты і перад пачаткам кнігі прыпішу, што гэта выпраўлены варыянт. Чытайце і атрымлівайце асалоду.
867