Рецензия на книгу
Абвяржэнне
Максім Танк
hi_tue16 мая 2023 г.Максім Танк і “Абвяржэнне”
Максім Танк — адзін з самых вядомых беларускіх паэтаў. Ягоная біяграфія дае зразумець, які шлях прывёў звычайнага хлапчука з Мядзельшчыны да гэтага звання. Танк жыў падчас падзелу Беларусі на заходнюю і ўсходнюю часткі, і яму даводзілася жыць на абедзьвух. Праблемы памежжа і аб’яднання Беларусі вельмі турбавалі маладога Яўгена Скурко (сапраўднае імя Танка). Ён быў моцным савецкім прапагандыстам у Польшчы, заўсёды быў аматарам беларускай мовы, што была забаронена. Пазней, пасля аб’яднання Беларусі, займаў даволі высокія літаратурныя і палітычныя пасады (галоўны рэдактар “Полымя”, старшыня Саюза пісьменнікаў БССР, старшыня Вярхоўнага Савета БССР). Менавіта з-за пасадаў Танка лічылі дзяржаўным пісьменнікам, літаратурнай вярхушкай. Але сам аўтар цярпець не мог такое стаўленне да сябе, што прымусіла яго напісаць “Абвяржэнне” – верш 1956 года, аднайменны назве зборніку.
Матыў самога верша адсочваецца на працягу ўсяго зборніка. Кожны першы верш са зборніка даказвае тое, наколькі Танк такі ж звычайны чалавек, як і мы. Тэматыкі вершаў даволі простыя, знаёмыя кожнаму. Я ўмоўна падзяліў іх на чатыры тэматычныя групы: пейзажная лірыка (“Над вадой”, “У непагоду”), успаміны (“Сямейны фотаздымак”, “Была калісьці”), інтымная лірыка (“Тапор”, “”Ай” – люблю”), філасофская лірыка (“Роздум”, “Над адказамі малых”, “Ave maria”). Яны лёгка чытаюцца і іх большасць не вызываюць моцных дысанансаў, хутчэй наадварот – унутраны спакой. Тут вершы пра тое, як Танк з садаводам пілі брагу, якія грыбы ён сабраў у лесе, як дзіцяці ўпершыню пачало хадзіць, што адчувае аўтар пасля гневу жонкі, як у дзяцінстве яны з сябрамі выкупалі нявестку, як узгадвае родную маці. У маладосці, да 40-х гадоў, тэматыку Танкавых вершаў пераважала апісанне прыродных з’яў, цікавых жыццёвых выпадкаў і дыялогаў. Бліжэй да старасці, пачынаючы з 70-х гадоў, заўважна павялічваецца колькасць вершаў-разважанняў, а філасофія аўтара становіцца складаней, з’яўляецца больш рэфлексіі і ўспамінаў. Цяпер аўтар разважае пра смерць, пра жыццёвыя цыклы, пра сэнс яго творчага шляху, пра людзей і іх натуры.
Акрамя вызначэння тэматыкі вершаў, важна адзначыць унёсак Танка ў беларускую паэзію. Максім Танк – адзін з першых выкарыстальнікаў верлібра ў Беларусі. У час паэта была найстражэйшая цэнзура, канон – пэўныя формы, памеры, тэматыка. Танк, што іранічна, разбурае ўсе цэнзурныя законы і будуе свае. Ён адмаўляецца ад рыфмы, не піша толькі грамадзянскую лірыку (хоць часам і прыходзілася), але захоўвае гучанне слоў, не губляючы іх важнасць, сэнс. У беларускай літаратуры нават з’яўляецца тэрмін – танкавыя верлібры. Адзін з самых вядомых прыкладаў такіх верлібраў, прысутных у зборніку, гэта “Дождж, дождж, дождж”, а адным з працягвальнікаў замацавання жанру быў Алесь Разанаў. Максім Танк таксама цікавіўся японскай культурай, таму напісаў некалькі вершаў у жанры хоку. Па памерах жа сустракаюцца зусім розныя вершы: і сямістопныя ямбы (“Тапор”), і пяцістопныя дактылі (“Надпіс на кнізе”), і шмат іншых.
Зборнік “Абвяржэнне” ўжо з вокладкі перадае сваю ідэю. Само абвяржэнне сымбалізуецца перакрэсліваннем. Абвяргаецца і ідэя пра дзяржаўнасць паэта, і ўзнясенне яго на Алімп, і меркаванні пра абмежаванасць тэматыкі вершаў. Сіні колер таксама не проста так выбраны, бо сіні – колер моцны, але спакойны – гэта і ёсць настрой вершаў.
Такім чынам, “Абвяржэнне” – гэта своеасаблівы пратэст супраць усіх уяўленняў, складзенных аб Танку, які будуе яго новы вобраз. Ніякіх дзяржаў, ніякай палітыкі, ніякіх маніфестаў і ніякай гражданскай лірыкі. Толькі ўнутраны свет Танка, у першую чаргу як чалавека.
1117