Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Паехаць на поўнач, каб памерці

Іда Ліндэ

  • Аватар пользователя
    eryngrace21 июня 2022 г.

    Спякота, смерць і Швецыя

    Кнігу я набыла абсалютна выпадкова. Гэта быў спякотны дзень у Менску і больш за ўсё ў той момант мне хацелася як раз паехаць на поўнач і памерці. Калі ўбачыла гэтую назву і вокладку ў кнігарні - пабегла на касу. Я не ведала, што чакаць ад гэтай кнігі і планавала атрымаць асалоду калі не ад рамана, то ад рамантычнасці і нечаканасці сітуацыі.

    Я нічога не гугліла ні пра аўтарку, ні пра гісторыю напісання, ні нават пра сюжэт. Мне было нецікава. Я цалкам аддалася моманту і была троху расчараваная, калі гісторыя пачалася з забойства. "Чарговая скандынаўская трылерная хтонь" - падумала я, але дастаткова хутка зразумела, што памылілася.

    Па-першае, кніга зусім не адпавядае маім стэрэатыпным уяўленням пра Швецыю. Ніякіх ікей, стылёвасці, багацця, высокага узроўню жыцця. Персанажы скардзяцца на падаткі, якія ідуць "на Стакгольм", жывуць сціпла і ядуць бульбу. Пастаўце замест Свэна Андруся - і велкам ту Баранавічы. Такая ўніверсальнасць падкупляе.

    Па-другое, аўтарка вельмі файна раскручвае самую звычайную гісторыю з крымінальных зводак, на якія ніхто ўжо не звяртае ўвагі, і паказвае ўсё з пункту гледжання кожнага з герояў ці іх блізкіх з дапамогай нелінейнага аповеду. Вось ужо і забойца - сын бацькоў, якія ледзь не памерлі з голаду і маглі не нарадзіць яго, забіты - быў чымсьці мужам і братам і меў складаныя сямейныя адносіны, забітая - хацела пакончыць жыццё самагубствам, але не паспела. Мы паглыбляемся ў жыццё кожнага з герояў і бачым, як жудасна смерць паўплывала на ўсіх навокал. Як яна апустошвае, забірае сілы, як адзінока робіцца, калі яна прыходзіць. Трагічнасць выпадковасці жыцця як яна ёсць.

    Па-трэцяе, некаторыя моманты вельмі раптоўна адчынілі нейкія шлюзы ўнутры - сядзіш, нікога не чапаеш, а тут бам! - і адзін сказ ці абзац б'е нібыта абухом па галаве і думаць пра штосьці іншае складана. Гэта не самыя прыемныя разважанні ў геданістычным сэнсе, але я лічу, што яны важныя. Смерць, адзінота, холад, канец кахання, яшчэ раз смерць (а што, усе там будзем), зноў адзінота і зноў смерць. Тое што трэба ў спякотны дзень у Менску.

    3
    136