Рецензия на книгу
Споведзь
Ларыса Геніюш
Krysty-Krysty30 марта 2013 г.Прага 1930 - 1940-х гг. - вельмі перспектыўны кірунак даследавання для сучасных беларусаведаў. Колькі асобаў перасякалася там, колькі завязвалася гістарычных вузельчыкаў (якія, што праўда, часцей не развязваліся, а неўзабаве рассякаліся жорсткай пані-таварышкай гісторыяй). У "Споведзі" Ларысы Геніюш багата нітачак, за якія могуць пацягнуць даследчыкі.
Але найбольш яскравыя старонкі, вядома, лагерныя. Многія людзі радыя забыцца, выкрасліць такія ўспаміны. Толькі моцныя асобы памятаюць. І самыя моцныя - дзеляцца ўспамінамі. Нагадаю, што старонкі "Споведзі" былі перададзеныя М. Чарняўскаму ў 1982 г. Значыць, пісаліся ў 1970-я!..
Нялёгка пісаць аўтабіяграфічныя творы, каб асоба аўтара не пераважвала падзеі. А можа, гэта і не хіба... Часам узнікала думка: ці не перабольшвае спадарыня Ларыса сваю ролю ў гісторыі? Тады я згадвала яе біяграфію, успаміны іншых людзей пра яе, абставіны і час напісання твора - не, не перабольшвае. "У Беларусі ў XX стагоддзі быў адзін сапраўдны мужчына - і той Ларыса Геніюш" - вядомае жартоўнае выказванне (хапала ў Беларусі ў ХХ стагоддзі сапраўдных мужчын, хапала!) нясе долю праўды.
Салжаніцын прызнаваўся ў "Архіпелагу ГУЛАГу", што ніколі не чытаў свой твор цалкам, ад пачатку да канца, таму выбачаецца за магчымыя паўторы і нязграбнасці. І выказваў спадзяванне, што яго праца будзе дапоўненая іншымі сведкамі. Можна толькі ўяўляць, у якіх абставінах пісала Ларыса Геніюш (яна да апошніх дзён жыцця заставалася пад прыглядам, пад цкаваннем мясцовых служак рэжыму).
Узгадаем і тое, што Беларуская Паэтка НЕ РЭАБІЛІТАВАНАЯ да сёння!12433