Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Кот Шпрот і вежавы гадзіннік

Ганна Янкута

  • Аватар пользователя
    xbohx20 декабря 2021 г.

    У беларускай дзіцячай літаратуры з’явіўся сучасны пазнавальны персанаж, якога любяць дзеці. Так без перабольшання можна сказаць пра ката Шпрота, героя ўжо трох кніг Ганны Янкуты.

    Сёлета Ганна парадавала маленькіх чытачоў і слухачоў трэцяй кнігай пра гэтага мінскага ката, які жыве з хлопчыкам Алесем і яго бацькам на завулку Калініна. Кніга выйшла ў аўдыяфармаце пад назвай “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік” у агучцы акцёра Мікалая Стонькі з музычным суправаджэннем і пазнавальнай вокладкай, якую зноў намалявала Лілія Давыдоўская. Яна ж ілюстравала дзве папярэднія кнігі пра Шпрота.

    Ужо с самага пачатку аўтарка нагнятае атмасферу недахопу часу: героі сонныя, спазняюцца, толькі наступіў вечар, як гадзіннік паказвае, што хутка раніца. Ад гэтага пакутуюць як людзі, так і прывіды. Таксама Алесь заўважае, што з ягонай звязкі ключоў адзін знік. На знікненне ключоў скардзяцца і прывіды, якія ўжо гатовы ісці да Гадзіншчыка, каб разабрацца, што ж такое адбываецца з часам, бо ігнараваць гэта больш немагчыма.

    А Гадзіншчык сядзіць сабе ў той самай вежы з гадзіннікам, што на выхадзе з метро Парк Чалюскінцаў. З навакольным светам ён асабліва не камунікуе, усё разбіраецца ў механізмах гадзіннікаў, штосьці там даследуе. І чуць нічога не хоча пра тое, што з часам нешта не так. Ён адказны за час, а значыць у яго ўсё ідзе паводле плану, нічога не можа зламацца.

    Тут у кнізе пачынаюцца дарослыя алюзіі на наша жыццё. Бо дзяржава — гэта як гадзіннікавы механізм. Калі ён мае належны догляд, калі ўсе часткі ў ладзе, то і ўвесь механізм працуе добра, не спяшаецца, не спазняецца. Але як толькі чалавек, адказны за працу гадзінніка, самаўпэўнена сцвярджае, што ўсё з ім добра, і свядома ігнаруе існуючыя пытанні, вось тут і пачынаюцца праблемы.

    У гэтай кнізе кату Шпроту і яго сябрам-прывідам зноў давядзецца сутыкнуцца з мноствам загадак. Магу назваць гэту кнігу ў пэўнай ступені грамадска-палітычнай. Нягледзячы на тое, што яна дзіцячая, праблемы тут уздымаюцца вельмі сур’ёзныя. Для нас цяпер нават актуальныя і вельмі балючыя.

    У пятай главе хлопчык чуе на вуліцы нейкі шум і просіць тату пайсці паглядзець. Аказваецца, уздоўж вуліцы стаяць жанчыны з кветкамі, а кіроўцы, якія праязджаюць міма, вітаюць іх аўтамабільнымі гудкамі. Нагадаю, што падзеі ў кнізе адбываюцца на пачатку восені. 


    — Яны прыйшлі сюды, бо ім не падабаецца штосьці, што адбываецца ў горадзе. І каб іх меркаванне пачулі, яны выказваюць яго такім чынам. Гэта называецца пратэст.
    — А кветкі ім навошта?
    — Так яны паказваюць, што ў іх мірныя намеры.
    — І што, гэта можа нешта змяніць?
    — Вядома. Пра іх нязгоду даведаюцца іншыя і, магчыма, таксама далучацца. Чым больш людзей, тым лепш. Мы ж, вось, звярнулі на іх увагу.

    Як патлумачыць дзецям, што адбываецца ў вашым горадзе? Мне здаецца, Алесеў тата бліскуча справіўся з задачай, патлумачыўшы сыну, што ў людзей ёсць голас, і калі іх нешта не задавальняе ў родным горадзе, яны могуць гэтым голасам скарыстацца. Нават моўчкі стоячы з кветкамі.

    Сцэна, убачаная Алесем у творы, пазней запускае цэлы ланцужок падзей, які дапамагае ў вырашэнні праблемы з Гадзіншчыкам, калі прывіды збіраюцца на пратэст супраць яго. Кніга мае добры фінал, як і амаль любая дзіцячая казачная гісторыя. Але ці можа так адбыцца ў рэальным жыцці? Хочацца трошкі памарыць.

    Для дзетак кніга мае яшчэ і пазнавальны элемент, можна вывучаць з механізмы старажытных і сучасных гадзіннікаў, вучыцца вызначаць час. Можна нават разабраць стары гадзіннік і паглядзець, як там усё ўладкавана. Ці нават дадаткова паглядзець відэа на ютубе на гэтую тэму. Карацей, выходзіць далёка за межы кнігі. Да таго ж аўтарка згадвае разнастайныя віды гадзіннікаў у Гадзіншчыка ў кабінеце, можна ўсё пагугліць. Такім чынам кніга стане інтэрактыўнай, а ў сувязі з адсутнасцю папяровага варыянту можна ўвогуле стварыць свой, намаляваць сцэны з кнігі.

    Дарэчы, у канцы аўдыякнігі вас чакае сюрпрыз — невялікі аўдыязапіс ад самой аўтаркі, дзе яна расказвае пра кнігу і асаблівасці яе стварэння.

    Калі вы зацікавіліся кнігай “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”, то яе можна паслухаць бясплатна. Проста загугліце назву кнігі — і знойдзеце даступныя варыянты. Аўтарка падкрэслівае, што для яе важна, каб кніга распаўсюджвалася бясплатна, таму лайк, шэр, дзяліцеся паўсюль, уключайце дома.


    17
    384