Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным

Сяргей Шапран

  • Аватар пользователя
    xbohx14 июня 2021 г.

    Журналіст і філолаг Сяргей Шапран вядомы сваімі цудоўнымі кнігамі пра беларускіх літаратараў. Яму давялося шчыльна камунікаваць з нашымі цудоўнымі творцамі, што, безумоўна, дапамагло ў стварэнні кніг. Ён выдаў двухтомнік дакументаў пра Васіля Быкава, надрукаваў некаторыя з яго невядомых твораў і кнігу ліставання з Рыгорам Барадуліным. А калі шукаеце прыемную пазітыўную кнігу, то вельмі раю яго зборнік «Беларускі гістарычны анекдот».
    Шапран сапраўды многае робіць для таго, каб адкрываць нам беларускіх аўтараў з новых бакоў. У гэтай кнізе сабраныя гутаркі Сяргея Шапрана з Народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, якія вяліся з 1999 па 2010 год. Больш за 10 гадоў шчырых і даверлівых размоў пра жыццё і творчасць паэта, сям’ю, сяброў літаратараў і лёс роднай краіны.

    Шапран адзначаў, што Барадулін не вёў сталых дзённікавых запісаў, таму гэтую кнігу можна лічыць унікальнай і прыраўноўваць да мемуараў паэта. Як і ў апошніх паэтычных зборніках Барадуліна, тут шмат напісана пра смерць. Такі ўзрост, калі да сяброў у госці ходзіш не ў кватэры, а на могілкі. Вось і ператварылася кніга ў пэўнае падсумаванне пражытага.


    Фізічная старасць сапраўды страшная, але самае галоўнае, каб душа заставалася маладой: чалавек датуль жыве, пакуль у яго душа маладая, а ўжо калі старэе і душа, тады ніякае цела не ўратуе.

    У размовах Барадулін неаднаразова падкрэслівае, што ў Беларусі не адчувае сябе, як дома. Ён, хутчэй, жыве тут, як іншаземец, і адзначае няпростую місію беларускага пісьменніка:


    Спецыфіка Беларусі палягае ў тым, што беларускаму пісьменніку ўсё жыццё прыходзіцца бараніць беларускае: беларускую мову, беларускую дзяржаўнасць. Яму прыходзіцца браць на сябе, што называецца, адразу некалькі нагрузак, ці душэўных абавязкаў.

    Гэта не перашкаджае паэту любіць родныя мясціны і разам з тым іранізаваць над сваёй краінай:


    Дарэчы, мне нядаўна прыйшло ў галаву, што абрэвіятуру РБ можна расшыфраваць як “рыса беднасці”.

    Такія кнігі — неверагодна каштоўная крыніца інфармацыі пра літаратараў. Тут ёсць факты, якія не сустрэнеш у школьным падручніку. Напрыклад, пра тое, як Барадуліна вербаваў КДБ. Ці як Макаёнак купляў каньяк:


    Дарэчы, калі аднойчы Андрэй Макаёнак прыехаў, здаецца, з Амерыкі, у кішэні ў яго засталося некалькі даляраў; увечары ён зайшоў у буфет, што знаходзіўся ў гасцініцы “Мінск”, і за даляр купіў бутэльку каньяку. Ужо на наступны дзень яго выклікалі ў ЦК, дзе па-бацькоўску дакаралі: савецкі чалавек павінен купляць каньяк не за даляры, а за савецкія рублі!

    Калі чытала кнігу, то ўяўляла, што гэта гаворыць мой дзядуля. Так жа трошку бурчыць, наракае на моладзь, у дадзеным выпадку на маладых літаратараў, якія лічаць, што гэта яны вынайшлі пісанне вершаў без знакаў прыпынку. Абураецца пагалоўнай амерыканізацыяй усяго навокал. І калі б гэта быў мой дзед, я б сказала яму: «Дзеда, хопіць нудзець». Але да Барадуліна ўсё ж ставішся з пэўным піетэтам. І нават у такім узросце ён не губляе пачуцця гумару і расказвае такія пахабныя вершыкі і анекдоты, ад якіх чырванееш:


    Былое ўзгадваецца саладзей,
    Хрн вялы ўпадзе, як яго не выстаў.
    Адно не бывае былых бл
    дзей,
    Таксама як і былых кадэбістаў.

    Яшчэ адна асоба, якая займае важнае месца ў кнізе, — гэта Васіль Быкаў, якога Барадулін называе выключна геніяльным пісьменнікам. Іх звязвала вельмі блізкае сяброўства, і пра Быкава Барадулін можа гаварыць бясконца. Як, дарэчы, і пра Караткевіча.

    Мая вялізная любоў да Рыгора Барадуліна цягнецца яшчэ з дзяцінства. Тады прачыналася цікавасць да беларускай літаратуры і хацелася ў дзіцячай бібліятэцы хапацца за ўсе кнігі адразу. Пашанцавала, што пад руку траплялася добрая літаратура, бо паглынала без разбору ўсё запар. Проза, паэзія, публіцыстыка. Дабралася і да зборнікаў Барадуліна, якія мяне натуральна зачаравалі. З таго часу і нясу ўнутры гэтую любоў і з задавальненнем чытаю ўсё, звязанае з любімым паэтам.


    — А наогул, паэт — гэта хто, на Вашу думку?
    — Калі коратка гаварыць, дык паэт — гэта той жа самы чалавек, толькі трошку чокнуты ў той ці іншы бок.

    14
    198