Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Normal People

Sally Rooney

  • Аватар пользователя
    xbohx4 июня 2021 г.

    Дачытала апошнюю старонку і падумала: “Не магу нічога сказаць пра кнігу”. Яна аказалася настолькі не блізкай, што я ажно засумавала. Усе чытаюць, захапляюцца ці абураюцца, абмяркоўваюць, а я не пазнала ў героях ні сябе, ні сваё акружэнне. Зразумела, фантастыку, фэнтэзі ці якія іншыя жанры мы чытаем не для таго, каб пазнаваць у героях сябе. Было б дзіўна сустрэць у жыцці морлакаў з рамана Уэлса :) Таму галавой я разумею ўсе вартасці кнігі, прычыну яе папулярнасці, а сэрцам не прымаю, не кранула яна мяне.

    Проста кнігі пра адносіны — гэта не маё, але аўтарка закранае вельмі важныя тэмы. Перад намі аднакласнікі Конэл і Мэрыян, юнакі з розных сацыяльных слаёў, што не перашкаджае ім адчуць узаемную сімпатыю. Але маці Конэла прыбірае ў доме Мэрыян, таму публічнасць іх стасункаў пад забаронай. Хаця, здавалася б, у наш час людзі пазбаўленыя падобных класавых забабонаў. Юнакі ўсё ж сустракаюцца таемна, і ў іх адносінах прысутнічае пераважна фізічны аспект. Праўда, Мэрыян хочацца большага, каб можна было ўзяць Конэла за руку ў школе, перад усімі. Толькі яна не прызнаецца ў гэтым, бо баіцца згубіць і тое, што паміж імі ўжо ёсць. Зразумела, што такія стасункі не могуць пратрымацца доўга, таму яны перыядычна разыходзяцца.

    Як казаў Джордж Марцін: “Oh, sweet summer child...”. Ці больш груба гэтую сітуацыю можна апісаць словамі Пітэра Грыфіна: “Oh My God! Who the hell cares?”. Урэшце становіцца зразумелым, што ўсім у школе было пляваць на іх адносіны, а многія сябры нават здагадваліся, толькі не агучвалі гэта, бо тое ж “who the hell cares?”. Дык навошта столькі пакут?

    Стандартная праблема ў тым, што людзі ў любым узросце не ўмеюць размаўляць і выражаць свае думкі словамі. Прасцей змірыцца з тым, што табе не вельмі даспадобы, чым неяк словамі пратэставаць супраць гэтага, абмяркоўваць з партнёрам. Руні акурат апісвае такі перыяд у жыцці маладзёнаў, калі іх эмоцыі вельмі крохкія, бо няма з кім падзяліцца перажываннямі. Бацькі толькі пасмяюцца з наіўных юначых праблем, а аднагодкі яшчэ такія ж псіхічна нестабільныя. Застаешся сам-насам са сваімі праблемамі.

    Дарэчы, калі пачняце чытаць, то не пужайцеся, бо простая мова ў творы ніяк не аформлена пунктуацыйна, няма прывычных дыялогаў. Таму спачатку ў твор даволі складана ўцягнуцца. Мова вельмі простая, але ў гэтым разыначка кнігі, каб не хаваць галоўную праблему за фасадам каляровых метафар, бо ў жыцці іх насамрэч няма.

    Але як жа класна чытаць сусветныя бестселеры па-беларуску не праз 20 гадоў пасля іх выхаду, а зусім свежанькімі, пакуль яшчэ вакол віруюць абмеркаванні. Дзякуй выдавецтву «Янушкевіч» за гэта.

    14
    459