Рецензия на книгу
Żywot człowieka rozbrojonego
Sergiusz Piasecki
AksanaNyadvetskaya19 марта 2021 г.Варта чытаць!
Раман "Жыццё раззброенага чалавека" Сяргей Пясецкі напісаў у турме. Збіраўся яго выдаць першым і лічыў больш вартым за "Каханка Вялікай Мядзведзіцы". Аднак твор пабачыў свет толькі ў 1957 г., калі аўтар знаходзіўся ў эміграцыі.
Раман таксама аўтабіяграфічны і апавядае пра жыццё аўтара якраз да пераезду ў Ракаў (да шпіёнска-кантрабандысцкага перыяду).
Галоўны герой рамана Міхал Лубень дэмабілізаваўся 12 красавіка 1921 г. (з польскіх вайсковых фарміраванняў) і прыехаў у Вільню. Яго сям'я (бацька) засталася ў савецкім Мінску, і НІХТО НІДЗЕ нашага Міхала не чакаў.
"Я адчуваў сябе ашуканым. Крыўдаваў на тых, каму дапамог здабыць незалежнасць для іх родных земляў, але якія нам — жаўнерам-добраахвотнікам — у тым самым не дапамагалі. Дэмабілізавалі нас, калі было ім патрэбна, і выпусцілі на брук без аніякай апекі. Забралі нават запасную бялізну, плашчы і анучы".
Не буду пераказваць сюжэт твора, скажу толькі, што ён нечаканы, цікавы і праўдзівы, не здаецца надуманым.
Каму цікава будзе чытаць?- Тым, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі пачатку 20 ст. Жыхарам Заходняй Беларусі (у гэтым творы ўзгадваецца Ліда, Маладзечна, Баранавічы).
- Аматарам раманаў Э. М. Рэмарка. Шмат перапляценняў з раманам "Вяртанне", дзе ў падобнай сітуацыі аказваецца нямецкі жаўнер. У творы Пясецкага таксама ёсць адзінота, сяброўства, рамантычнае каханне, алкаголь і прастытуткі — звычайны рэмаркаўскі набор.
- Чытачам, якія любяць творы ад імя аўтара (я чамусьці толькі такія і люблю!), асабліва калі гэты аўтар — малады мужчына, які не загружае маралізатарствам і веданнем скарбаў сусветнай літаратуры.
Аднак захацець прачытаць гэты твор — гэта яшчэ паўбяды. Дзе яго знайсці? На беларускай мове раман выйшаў у часопісе "Архе" ў траўні 2014 г. Увесь наклад раскупілі, і ў 2016 г. надрукавалі дадатковы наклад у 1000 асобнікаў. Наколькі мне вядома, у вольным продажы гэтых нумароў няма. Аднак некалькі тысяч беларусаў ужо прачыталі свой часопіс і напэўна падзеляцца, калі будуць ведаць пра вашу патрэбу. Адзін нумар ёсць у мяне. Звяртайцеся!
4471