Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Кэмэл-Трэвэл

Вольга Гапеева

  • Аватар пользователя
    Rocamadour3 февраля 2021 г.

    Неспадзявана хутка прачытаўся новы раман Вольгі Гапеевай, літаральна за два прысесты. І справа не толькі ў тым, што ён невялікага памеру, які ўвогуле не выклікае асацыяцый з раманнай формай. Мяне ўразіў стыль аўтаркі, шчырае, нязмушанае пісьмо, якое ўтварае ўражанне, што гераіні рамана вельмі важна выказацца тут і зараз. А выказваецца яна пра сваё дзяцінства, дакладней пра вузлавыя моманты дашкольнага і малодшага школьнага перыядаў, якія прыпалі на апошнія гады існавання СССР. Аналагічны этап майго дзяцінства прыйшоўся гадоў на 6-7 пазней, калі грамадска-палітычныя абставіны былі ўжо зусім іншымі, але многія старонкі кнігі аказаліся сугучнымі маім уласным успамінам. Таму працэс чытання быў так падобны да размовы з лешай сяброўкай дзяцінства, з якой вас развёў лёс, але вось вы сустрэліся і цяпер можна нагаварыцца ўволю, падзяліцца тымі перажываннямі, на канкрэтызацыю якіх не хапала рэсурсаў у не надта свядомым ўзросце.

    Кніга не адрозніваецца хранікальнасцю, інтэнсіўнай падзейнасцю. На мой погляд, не мае асаблівага значэння і паслядоўнасць успамінаў: з адной карціны аўтарка раптам пераходзіць на іншую, потым вяртаецца. І кожны з эпізодаў адгукаецца ў памяці гераіні развагамі пра тое, як ён паўплываў на станаўленне яе асобы. Так, у главе “Самы лепшы падарунак” Вольга Гапеева ўспамінае, як да кожнага свята на ўроках майстравання ці малявання дзеці рыхтавалі падарункі сваімі рукамі:


    “Дзіўнаватая, канешне, сітуацыя: думаеш, што робіш падарунак, але не забываешся і пра тое, што гэта заданне і што ты атрымаеш за яго адзнаку, а потым з веданнем гэтай адзнакі табе давядзецца дарыць гэты шэдэўр маме”.

    Такі, здавалася б, нязначны момант з жыцця дзіцяці прыводзіць да разваг гераіні пра творчасць і гуманнасць, пра самакрытыку і прызнанне тваіх дасягненняў блізкімі, пра падазронае стаўленне да любых праяў пахвалы. Шыкоўны металёвы канструктар, які быў гендарнай прывілеяй хлопчыкаў у садку і пачатковай школе, але так захапляў маленькую Волю Гапееву, выклікае думкі пра стэрэатыпнасць ў выхаванні дзяцей рознага полу, забарону на дэманстрацыю пачуццяў і абразлівае таўро “цялячыя нежнасці”. Некаторыя назіранні і развагі аўтаркі падаюцца вельмі нечаканымі, але такімі пераканальнымі, што з імі адразу хочацца пагадзіцца. Напрыклад, пра рукавічкі на гумцы, якія Вольга Гапеева лічыць здзекам з чалавечай прыроды:


    “гэта вечнае мулянне на спіне і ўздоўж рук, прыкры напамін пра тое, што ты нічога не рашаеш ў сваім жыцці”.

    Мне да такой усвядомленасці было вельмі далёка ў свае 6-8 гадоў і нічога крыўднага ў такіх рукавічках я не бачыла. Але цяпер мне здаецца, што па-іншаму і нельга адносіцца да такога грубага парушэння асабістых межаў дзіцяці.

    У кнізе не адчуваецца тугі аўтаркі па часах дзяцінства, ніякай ідэалізацыі, светлага суму. З большага ўсе ўспаміны звязаныя з крызіснымі момантамі, пэўнымі заганамі ў савецкіх падыходах да выхавання дзяцей бацькамі, бабулямі-дзядулямі, настаўнікамі, грамадствам. Але мяне яна ўсё ж прымусіла панастальгіраваць. Праўда, настальгія была з адценнем радасці ад таго, што маёй дачцэ можна паплакаць, яе можна шкадаваць, ёй можна гуляць у футбол і яна можа не пакідаць чыстай талерку пасля вячэры.

    3
    306