Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Бывший сын

Саша Филипенко

  • Аватар пользователя
    Аноним21 ноября 2020 г.

    Паўтарэнне траўмаў

    Хоць раман і выйшаў яшчэ ў 2014 годзе, я пра яго даведаўся толькі праз “салідарныя чытанні”, якія зладзіў аўтар, запрасіўшы на іх тры дзясяткі выбітных дзеячаў беларускай і расійскай культур: ад Лявона Вольскага і Андруся Такінданга да Юрыя Шаўчука і Людмілы Уліцкай.
    І для заяўленых “салідарных” чытанняў твор падыходзіць як нельга лепш. Па змесце ён ахоплівае гісторыю Беларусі ад даўкі на Нямізе да тэракту ў мінскім метро. Менавіта ў гэтай даўцы аказваецца галоўны герой, хлопец Францыск, пасля чаго трапляе ў кому. Выразна праводзіцца паралель комы хлопца з комай цэлай краіны. Але спачатку хочацца спыніцца на майстэрскім апісанні даўкі. Хоць і бачна, напрыклад, па амаль прамых цытатах з адпаведнай песні Памідорава, што аўтар ведае пра трагедыю хіба што са зводак навінаў ды ўжо згаданай песні, выйшла да мурашоў па скуры, да жудасці натуральна і страшна.
    Тое ж самае ў цэлым можна сказаць пра большасць апісанняў менавіта беларускіх момантаў: пахаванне Васіля Быкава, падзеі Плошчы 2010 года. Бытавыя дэталі кшталту размоваў пра “ў каго ні спытай, ніхто за Яго не галасуе, а ў выніку 80%”, пра тое, што, калі не ўступіш у купу дзяржаўных арганізацый, што прыйшлі на месца Партыі, можаш пазбавіцца працы, пра практычную адсутнасць гэтай самай працы ў краіне, дзе па тэлевізары кажуць аб росце і росквіце. У рэшце рэшт пра падгледжаныя на вуліцы дзіцячыя гульні ў амапаўцаў і пратэстоўцаў.
    Але гэтыя ж моманты небеларускаму воку здаюцца занадта гіпербалізаванымі, маўляў, не можа ж быць усё прама вось так. Але беларускаму воку і без таго бачна, што яно так. Небеларускае вока ў першую чаргу чапляецца за палітычны складнік кнігі, бо і не аддзяляе яго ад іншых частак. Беларускае – за гісторыю персанажа. І ў выніку, калі абодва складнікі сплятаюцца, для беларуса раман канчаецца, і пачынаюцца зводкі навін за 2010 год.
    Але гэта не значыць, што раман благі. Проста ён не для нас, а пра нас. Таму і выйшаў на рускай мове ў расійскім выдавецтве. Для нас гэта прадукт імпартны, хоць і ўдае з сябе беларускі: што па месцы дзеяння, што па песнях, якія слухаюць персанажы, што па мове асобных з іх. І як аповед пра нас, пра тое, як мы жылі год 10 таму, а часткова і пра тое, як жывём зараз, ён вельмі неблагі.
    Для чытача, які, прачнуўшыся пасярод ночы, зможа сходу назваць з дзясятак прозвішчаў дзеячаў дэмакратычнай апазіцыі, раман будзе хіба што паўтарэннем траўмаў з 90-х да пачатку 10-х. Але тым беларусам, якія з вельмі цьмяным разуменнем глядзяць на падзеі апошніх месяцаў, ён можа стаць як мінімум карысным падручнікам па прадмеце “Што адказваць, калі пытаюць, чаму ты супраць Лукашэнкі?”, а як максімум пунктам уваходу ў сучасную беларускую літаратуру, як бы парадаксальна гэта не гучала пасля сцверджання пра імпартнасць рамана.

    15
    1,1K