Рецензия на книгу
Петсон идет в поход
Свен Нурдквист
xbohx26 июня 2020 г.Адзіны адпачынак, які чакае беларусаў гэтым летам — намёт недзе на прыродзе. Шукаем ва ўсім пазітыўнае і радуемся, што цяпер маем магчымасць адкрываць для сябе Беларусь, раз не можам выехаць у іншую краіну.
Таму раю вам выправіцца ў вандроўку з Пэтсанам і Фіндусам. Чарговая кніга шведскага казачніка ў перакладзе Надзі Кандрусевіч — ідэальная чытанка на лета. Асабліва на гэтае хворае лета 2020, якому ў школьных падручніках па гісторыі дакладна будзе прысвечаны не адзін параграф.
Фіндус і Пэтсан знаходзяць на гарышчы намёт і вырашаюць выкарыстаць яго па прызначэнні: паставіць у двары свайго дома. Нашых герояў чакаюць разнастайныя летнія актыўнасці: паставіць намёт, змайстраваць вуды, лавіць рыбу, а таксама сачыць за свавольнымі курамі.
Цудоўная і смешная гісторыя пра паход, у якім ад самага пачатку ўсё пайшло не так. Але ж дзейнічаць згодна з планам бывае сумна, праўда ж? Калі разам з табой коцік Фіндус, то ніколі нельга разлічваць на тое, што ўсе планы здзейсняцца.
У кнізе ёсць усё, каб яна стала ідэальнай дзіцячай чытанкай: страшная пагроза (якая насамрэч уяўная), сябар, які падтрымае і абароніць у любой сітуацыі, камфорт дома, у якім можна схавацца. А самае галоўнае — адчуванне таго, што любая вандроўка, нават недалёка ад дома, можа стаць самай яркай і запамінальнай, калі дадаць трошачкі фантазіі.
Ілюстрацыі як заўсёды напоўненыя прыемнымі дробязямі, разглядаць якія можна бясконца. А таксама прыдумваць з дзеткамі, чым яшчэ маглі б заняцца Фіндус і Пэтсан у сваёй раптоўнай вандроўцы.
P. S. Даведалася страшную рэч. У ангельскім перакладзе Пэтсан і Фіндус раптоўна сталі Festus and Mercury.
9381