Рецензия на книгу
Лапуховае поле
Катажина Рырых
xbohx4 июня 2020 г.У дзяцінстве ты бачыш магію паўсюль. Суседка, якая нясе дадому беспрытульных катоў, становіцца вядзьмаркай. Так узнікае цэлая гульня на выпрабаванне дзіцячай смеласці: хто зможа больш часу за астатніх правесці побач з дзвярыма яе кватэры. Кожная секунда на вагу золата, бо ў любы момант вядзьмарка можа выйсці з кватэры і назаўсёды ператварыць цябе ў жабу ці пацука. Маё дзяцінства было такім :)
Дзеці, якія жывуць побач з Лапуховым полем, таксама штодзённа сутыкаюцца з магіяй. У іх нават свой Гары Потэр ёсць. Толькі ці выдумляюць яны магію вакол сябе, ці яна існуе сапраўды? Здавалася б, яны жывуць у звычайных шматкватэрных дамах. Такіх дамоў і двароў мноства і ў нас у Беларусі. Шэрыя мурашнікі, дарослыя жыхары якіх штодзённа спяшаюцца па сваіх справах. У той час, як іх дзеці жывуць насычаным і поўным прыгод жыццём.
Польская пісьменніца Катажына Рырых (у перакладзе Марыны Шоды) вядзе нас на экскурсію па адным незвычайным падворку і знаёміць з яго жыхарамі. Даволі ненавязліва, без маралізатарства пісьменніца паказвае розныя бакі жыцця. Тут маленькія чытачы могуць сутыкнуцца з прытулкам для жывёл, сляпой дзяўчынай, хворым на рак хлопцам. Яны бачаць не толькі радасныя і бесклапотныя бакі жыцця, але і тое, што жыццё кожнага чалавека можа быць вельмі розным. Гэтая кніга пра сяброўства ў розных формах і пра моц дзіцячай фантазіі, якая здольная перамагчы ўсё.
А якія цудоўныя тут ілюстрацыі! У выдавецтве Янушкевіч гэта ўжо другі пераклад польскай кнігі з ілюстрацыямі Гражыны Рыгаль. Таксама яе працы можна ўбачыць у кнізе «Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга» , якую я вельмі люблю і раю нават дарослым. Сёлета Катажына і Гражына прыязджалі ў Менск на кніжную выставу-кірмаш. Гражына нават праводзіла невялікі майстар-клас.
Часам дарослым карысна адчуць сябе дзецьмі і пачытаць адпаведныя кнігі. Чытайце “Лапуховае поле” і прыгадвайце свае дзіцячыя прыгоды на падворку з сябрамі.
17297