Рецензия на книгу
Сіямцы
А. Жвалеўскі, Я. Пастэрнак
xbohx4 июня 2020 г.Здарылася нешта незвычайнае: я прачытала першую кнігу Жвалеўскага і Пастэрнак, якая мне не спадабалася. Усё яшчэ шкадую, што сумесныя кнігі гэтых аўтараў пачалі выходзіць у мае апошнія школьныя гады, калі я ўжо чытала больш сур’ёзную літаратуру. І разам з тым зайздрошчу дзецям, якія могуць чытаць іх цяпер. Ну і я пачытваю, як дарослая цётка.
Хоць аўтары з Беларусі, але працуюць пераважна на расійскі рынак. Толькі ў 2017 годзе выйшаў першы беларускі пераклад аднаго з іх самых вядомых твораў «Гімназія № 13» (пераклала Раіса Баравікова). Гэтую кнігу “Сіямцы” пераклала наша маладая аўтарка Станіслава Умец.
На працягу ўсёй кнігі ў мяне ўзнікалі пытанні да рэдактуры. Напрыклад, кніга перанасычаная займеннікамі. Сустракаліся цэлыя абзацы, дзе замест выкарыстання імён ці нейкіх назоўнікаў у тэкст былі ўстаўленыя бясконцыя займеннікі. Разумею, што ўсё гэта магло сустрэцца і ў арыгінале, але ж справа рэдактара — якасна данесці да чытача кнігу на сваёй мове, нават калі яна ў арыгінале кульгае.
Напрыклад, такі фрагмент:
“Потым яна прапанавала трохі змяніць фон. Акуратна вынесла Нору. Прычасала Яна. Вынесла Нору”.
Паглядзела арыгінал — там таксама гаротная кошка Нора аказваецца вынесенай двойчы, можна было б паправіць.
Сюжэт таксама мяне не асабліва зачапіў, прычым я разумею, што не з’яўляюся мэтавай аўдыторыяй гэтага твора. Геуле і Яну 16 гадоў, яны сябруюць і разам вядуць youtube-канал. Здавалася б, вось цудоўная завязка для твора пра сучасных падлеткаў. А далей пачынаецца даволі наіўная гісторыя кахання, у якой гэтыя падлеткі пастаянна адштурхоўваюць адно аднаго замест таго, каб быць разам.
Цікава, наколькі доўга кніга зможа заставацца актуальнай? Ці будзе яна так жа зразумела чытацца, калі пройдзе час шалёнай папулярнасці ютуба? Напрыклад, іх творы «Я хочу в школу!» и «Время всегда хорошее» маюць пэўную ўніверсальную актуальнасць. А колькі яшчэ пражыве гэты твор?
З плюсаў кнігі — яе будзе прыемна чытаць мінскім падлеткам, бо героі шпацыруюць па знаёмых вуліцах і наведваюць знаёмыя крамы. Мінск у прынцыпе самы цікавы герой гэтага твора. Адчуваецца, што аўтары любяць горад, пра які пішуць.
А вось у каханне герояў не вельмі верыш, і фантастычны складнік кнігі, калі сам горад спрабуе наблізіць Яну і Геула выглядае недарэчным. Пачуцці герояў не прапісаныя настолькі добра, каб чытач паспеў іх зразумець. Нас проста ставяць перад фактам, маўляў, гэта Геула, а гэта Ян, і яны мусяць быць разам. Сюжэт кнігі выглядае нейкім паспешлівым.
Можа, я ўжо надта дарослая для гэтай кнігі. Але сваім знаёмым падлеткам я б раіла іншыя творы гэтага цудоўнага творчага дуэта.15209