Рецензия на книгу
З людзьмі і сам-насам
Янка Брыль
xbohx4 июня 2020 г.Мне ніколі не надакучыць чытаць дзённікавыя запісы, лірычныя мініяцюры і эсэ Брыля, таму што яны кожны раз дораць мне процьму эмоцый.
У гэтай кнізе сабраныя запісы за 1996-2002 гг. Кожны раздзел названы ў адпаведнасці з годам, што набліжае кнігу да своеасаблівай пісьменніцкай хронікі. Хаця падзеі ў кнізе не заўжды падаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці. Часам Брыль зазірае ў мінулае, успамінаючы некаторыя эпізоды адтуль.
Кніга напісаная ў блізкі да нас час, таму ў запісах пісьменніка праглядаюцца надзённыя грамадска-палітычныя праблемы. Выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю Брыль даволі дакладна. Напрыклад, не раз уздымае пытанне інтэграцыі з Расеяй, і ў сувязі з апошнімі падзеямі чытаць гэта даволі трывожна. Асабліва калі разумееш, што за столькі гадоў мала што змянілася.
Колькі нагаворана з іхняга i з нашага боку пра неабходнасць аб'яднання, але ж ні слова — ні ў друку, ні па тэлевізары ці па радыё — пра тoe, што апаганьваецца, ліквідуецца мова нашага народа, найгоршым, найзлачыннейшым, як дагэтуль, чынам.Або вось яшчэ далей:
Галоўны расійскі камуніст з крывой усмешкай радасці гаварыў днямі на каляровым экране, як гэта будзе добра, калі аб'яднаюцца Расія, «независимая Украина и самобытная Белоруссия»... Яшчэ не аб'ядналіся, a ўжо толькі самабытная. У складзе Расіі?..Брыль вельмі чуйны да слова і блізка да сэрца ўспрымае недасканалае валоданне мовай, моўную глухату. Прычым раздзяляе, калі мова чалавека ідзе ад сэрца, калі, напрыклад, якая-небудзь бабулька з глухой вёскі гаворыць так, як умее, і атрымліваецца ў яе гэта вельмі натуральна. Або калі нейкі чыноўнік чытае з паперкі. У кнізе часта сустракаюцца яго моўныя знаходкі, пачутыя ад кагосьці цікавыя слоўцы.
Усё больш, у параўнанні з папярэднімі падобнымі кнігамі, разваг пра смерць і старасць. Такі ўзрост, што адзін за адным сыходзяць сябры, твае равеснікі. І надыходзіць час, калі сам пачынаеш задумвацца пра гэта.
Чалавек жыве, жыве, а потым памірае, як быццам i не падумаўшы, што гэта ж — назаўсёды.
Старому трэба не швэндацца па свеце, а трымацца роднага кута — i не таму толькі, што там i сцены дапамагаюць, але ж i дзеля годнага заканчэння свайго жыццёвага шляху, са сваім месцам у Зямлі.І зноў шмат нататак у выглядзе літаратурнага дзённіка, дзе Брыль дзеліцца тым, што прачытаў ці чытае цяпер:
Адрываючыся ад старонак серба Міларада Павіча, яго «Пейзажа, нарисованного чаем», думалася, што, чытаючы добрую кнігу, i сам, здаецца, робішся разумнейшым, таленавіцейшым.Брыль не быў бы Брылём, калі б не занатоўваў стан навакольнай прыроды. Кніга поўніцца сакавітымі апісаннямі, напрыклад, духмяныя гронкі бэзу ці палёт жораваў.
Хапае ў кнізе вясёлых і амаль анекдатычных сітуацый з жыцця. Напрыклад, пісьменнік расказвае, як аднойчы ў Браціславе мясцовы карэспандэнт газеты (беларус з паходжання) прызнаўся яму, як зачытваўся ў школе “Палескімі рабінзонамі” і іншымі творамі Брыля. Той з усмешкай падзякаваў. Навошта чалавеку псаваць уражанне ад сустрэчы з любімым пісьменнікам дзяцінства :) Тут жа Брыль успамінае падобную гісторыю, як выступаў у 1995 годзе на адкрыцці помніка Алесю Адамовічу, а ўвечары па тэлебачанні перадалі, што там былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і… Янка Маўр :) І далей апісвае яшчэ некалькі падобных гісторый блытаніны паміж двума Янкамі.
Ёсць у кнізе некалькі прыкрых памылак, перадусім звязаных з імёнамі пісьменнікаў. Напрыклад, Ісаак Башэвіс-Зінгер раптам стаў “Бешэвіч”, а Густаў Майрынк, аўтар славутага “Голема”, атрымаў нейкае ўкраінскае прозвішча і стаў Мандрыкам. Недагляд трох рэдактараў выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Але калі вы шукаеце добрую кнігу, якую можна чытаць невялікімі ўрыўкамі, нібыта слухаць гісторыі ад старэйшага, больш вопытнага, больш мудрага сябра, то раю вам звярнуць увагу на зборнікі лірычных мініяцюр Брыля. Ён у гэтым жанры ў нашай літаратуры недасяжны майстар.
13568