Рецензия на книгу
Возера Вялікае
Алесь Аркуш
GarsiaZonal18 октября 2019 г.Возера як пункт адліку
Мясціны, дзе чалавек нараджаецца, усведамляе сябе як часцінку чагосьці вялікага, сталее і спазнае сусвет, застаюцца з ім назаўсёды, нават калі ён з’язджае кудысьці далёка. Застаюцца часткай яго светабудовы, успамінамі, ідэальным прытулкам для душы, дзе заўсёды цёпла і ўтульна. Паэтычны расповед Алеся Аркуша пра родныя яму мясціны пад вокладкай зборніка «Возера Вялікае» летась пабачыў свет у Полацку (Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда»).
Расповед мае закальцаваную структуру: твор, які адкрывае кнігу, і твор, якім зборнік завяршаецца, пачынаюцца аднолькава:
на возеры Вялікім...
Першы з вершаў аўтар прысвяціў бацькам, а ў самім творы ідзе гаворка пра дзеда, у апошнім — «...чаўны ўспамінаў / плывуць на чырвань сонца / па вечаровых сцежках». Метафізічная «вада» ў «возеры» неаднастайная: гэта і верлібры, і традыцыйныя рыфмаваныя вершы, і трохрадкоўі. Дзе-нідзе можна натрапіць і на «гарэзлівых русалак», якія «лёскі блытаюць / маладому рыбаку», і ў вір паміж хваль «чорнае ракі», дзе
...Не відаць на дне нічога —
Барада вадзяніка
Захінае дно старанна
І матляецца, як віж...
Ёсць у «возеры» і некалькі выспачак — украпленні ўспамінаў, пададзеных празаічным тэкстам: «Праз возера ў школу (згадвае мама)», «Поўны кашур еджгуроў і платвы (згадвае хросны бацька — дзядзька Андрэй)», «Мяне пахрысцілі падчас вайны (згадвае мама)». Усё гэта мае дачыненне да вады, нават згадка пра хрышчэнне: «Памятаю, пырскалі, мазалі...» І хаця няма тут ні метафар, ні ўласна паэтычных вобразаў, але прадмет расповеду — жыццё продкаў як пастаяннае пераадоленне (паходы ў далёкую школу: праз залевы, завеі, «сумёты па пояс», вайна, галоднае дзяцінства) і ўяўляецца вялізным намаганнем па стварэнні паэмы жыцця, існавання роду.
Асоба аўтара ў расповедзе — як частка наваколля. Не вышэй ад іншых аб’ектаў: дрэў, туману, валуноў, трыснягу, аеру, дзьмухаўцоў ды рамонкаў. Асабліва шмат усюды птушак — у лесе, на возеры, ва ўспамінах: «белая кірля майго лёсу», «родныя кнігаўкі», грак, ластаўкі, «цікаўная каўка», зязюля, «заклапочаныя шпакі», сініцы, каршун.
Маляўнічымі, вобразнымі, удалымі выглядаюць многія трохрадкоўі. Некаторыя па ўспрыманні нагадваюць Басё: са звыклага, добра знаёмага, будзённага раптам паўстае яркая нечаканая карцінка:
месяц заўсёды
такі вялікі
над родным лугам
Альбо
у маскіровачных цяльняшках
акуні ля берага
стаіліся ў засадзе
У расповедзе арганічна суіснуюць і Вялес, і «гайвораны», і лік Хрыста, які заўсёды адводзіў бяду. І... «цішыня — як погляд Бога, / быццам там чакаюць цудаў...» Ідэальная вясковая замалёўка — сама як метафара беларускай ментальнасці. У адным з вершаў аўтар разважае: «...нават чалавеку / цяжка ўцяміць / як трава ператвараецца / ў малако». Але працэс адбываецца — незалежна ад яго асэнсавання. Як і хараство, прыгажосць гэтай зямлі, маляўнічасць яе азёраў і рэк (з усімі іх таемнымі вірамі) кандэнсуюцца ў душах тых, хто тут жыве.
Яна БУДОВІЧ3117