Рецензия на книгу
Беларусалім. Золак
Павел Севярынец
Kljok30 сентября 2019 г.Твае густы вельмі спецыфічныя, чытач
Калі чытаць кнігу і старанна не прапускаць тое, што можна было б зірнуць па дыяганалі, ты вымушаны аж па рэшткі валасоў на макаўцы пагружацца ў расцягнутыя на абзац сказы, у абзацы, расцягнутыя на паўстаронкі, спатыкацца аб цьмяную пунктуацыю, дзіўны і, здавалася б, недарэчны выбар мастацкіх сродкаў, аб незразумела які месцамі правапіс (назавём яго аўтарскім), ажно пакуль у нейкі момант не пачынаеш разумець, што кніга — адлюстраванне (хто бы мог падумаць!) аўтара як каталіка, як чалавека з не адным статкам забабонаў — і звыкла хрысціянскіх, накшталт сораму, цемрашальства і гідлівасці ў дачыненні да сэксу, якія спалучаюцца з жаднай прагай да асалоды, і нейкіх асабістых, і тых, што, відаць, вынікаюць з публічнай дзейнасці… Чытаючы гэта ўважліва, пачынаеш за рассы́панымі па максімальна сур’ёзным, грузкім, цяжкім, тванлівым тэксце раптоўнымі недарэчнасцямі — то літаральнымі рыфмамі, то цытатамі з папулярных песень у словах аўтара (устаўленымі незаўважна, так, быццам аўтар ні ў жыцці не чуў такой песні), то неўласцівымі такой пафаснай прозе рытмічнымі ўстаўкамі (нібы й аўтар, і рэдактар аслеплі і аглухлі) — чуць крык аб дапамозе, бачыць прапаведніка, які на секунду зрываецца ў істэрычны смех, нібы ў яго раптоўна знікла з вачэй, вушэй і астатніх органаў пачуццяў заслона з тых самых забабонаў — але літаральна праз імгненне ён вяртаецца да звыклага бубнення, і ты разумееш, што ён увесь-увесь знутры скалечаны, і пры гэтым сам жа баіцца гэта ўбачыць: і баліць яму, і кепска, і паскудна, але для яго гэта — не ўнутры, а свет такі навокал. І эта пячальна.
3370