Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Pan Lodowego Ogrodu. Tom I

Jarosław Grzędowicz

  • Аватар пользователя
    xbohx23 сентября 2019 г.

    У сучаснай беларускай літаратуры, на жаль, не так шмат вартых фантастычных твораў, вось і даводзіцца чытаць суседзяў. А гэты раман адрозніваецца арганічным спалучэннем навуковай фантастыкі і фэнтэзі. З дзяцінства мае любімыя жанры.
    І таму знаёмыя палякі, ведаючы маё захапленне такой літаратурай, даўно і настойліва прапаноўвалі мне прачытаць гэты твор. Але ўсё неяк не складвалася, бо польскія кнігі мне звычайна прывозяць з Польшчы знаёмыя, і я заказвала ў іх больш прыярытэтныя выданні.
    Так і не паспела прачытаць гэты твор па-польску, як даведалася, што ў выдавецтве "Янушкевіч" выходзіць беларускі пераклад (перакладчыцы Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч). Дачакалася, прачытала, атрымала задавальненне.

    Галоўны герой, якога завуць Вука Драйканен (імя атрымалася ў выніку змешвання польскіх, фінскіх і харвацкіх каранёў), выпраўляецца на планету Мідгаард, каб знайсці там навукоўцаў, з якімі на Зямлі згубілі кантакт. Навукоўцы даследавалі мясцовую цывілізацыю, адзіную вядомую ім чалавекападобную. Драйканену трэба вярнуць вучоных дадому і навесці парадак на станцыі. Але тут апынаецца, што, магчыма, ужо няма каго вяртаць дадому...
    У самым пачатку кнігі падаецца, што зараз вас чакае тыповы ўзор навуковай фантастыкі. Але па меры разгортвання сюжэта ўсё ярчэй праглядаюцца рысы фэнтэзі. Класічнага і змрочнага. Гжэндовіч стварыў вялікі свет, поўны яркіх персанажаў. Для падобных твораў вельмі важная наяўнасць моцнага персанажа, і Драйканен якраз такі. Ён харызматычны, добра адукаваны і падрыхтаваны, але і яго падрыхтоўкі не дастаткова для таго, што адбываецца на гэтай планеце. Варта забыць пра вядомыя нам законы фізікі, бо на Мідгаардзе ўсё можа лёгка змяняцца пад уздзеяннем звышнатуральных сіл.
    І калі ты толькі ўцягваешся ў апавяданне, аўтар уводзіць новую сюжэтную лінію, якая, здавалася б, зусім не звязаная з Драйканенам. Але без спойлераў. Скажу толькі, што ў канцы кнігі вы ўжо моцна будзеце марыць пра наступны том.
    Аўтар настолькі дасканала прадумаў свет у творы, што яго візуалізацыя ў галаве адбываецца лёгка і хутка. І вельмі важнае для такіх твораў — атмасфера. Гэтага тут хапае. З галавой сыходзіш у свет Мідгаарда, нават калі знаходзішся ў мінскім метро. Ну і цудоўны гумар!
    Яшчэ адзін велічэзны плюс выдання — афармленне. У кнізе пакінулі арыгінальную вокладку мастака Пятра Цесліньскага. Унутры мая любімая крэмавая папера (ніколі не зразумею тых, хто кажа, што ў кнігах павінна быць белая папера).
    Таму калі любіце фэнтэзі і фантастыку — абавязкова звярніце ўвагу на гэты твор.

    16
    482