Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Okularnik (audiobook)

Katarzyna Bonda

  • Аватар пользователя
    xbohx8 июля 2019 г.

    Сёння нарэшце стартаваў продаж кнігі, якую мне пашанцавала прачытаць яшчэ да яе афіцыйнага выхаду. У выдавецтве “Янушкевіч” выйшаў беларускі пераклад кнігі “Акулярнік” польскай пісьменніцы беларускага паходжання Катажыны Бонды.
    Пра стопрацэнтнае беларускае паходжанне гаворыць сама аўтарка, не хаваючы каранёў. Нарадзілася яна ў Беластоку, але дзяцінства правяла ў Гайнаўцы на Падляшшы, скончыла там беларускі ліцэй, і пра гэтую мясцовасць напісала кнігу, другі том прыгод прафайлеркі Сашы Залускай (водгук на першую кнігу “Pochłaniacz” шукайце ў папярэдніх пастах). Я неверагодна люблю паслядоўнасць ва ўсім, таму кнігі, якія ўваходзяць у цыклы, чытаю выключна па чарзе, нават калі кнігі цыкла не вельмі звязаныя між сабой і паслядоўнасць чытання не ўплывае на сюжэт. Але гэтую кнігу сапраўды можна чытаць у адрыве ад першай, бо кароткі змест папярэдніх сезонаў паступова падаецца ў пачатку “Акулярніка”.
    Усё, што трэба ведаць з першай кнігі: Саша Залуска — прафайлерка, займаецца складаннем партрэтаў (профіляў) злачынцаў без ведання іх асобы, выключна па месцы здарэння і абставінах. Яна амаль дакладна можа вызначыць пол, узрост, заняткі асобы і іншае. Доўгі час яна жыла ў Лондане, але была вымушаная вярнуцца ў Польшчу. Цяпер жыве на радзіме, спрабуе працаваць і разбірацца ва ўласным жыцці. Таксама жанчына пакутуе ад алкагольнай залежнасці.
    Паводле сюжэта Саша па асабістых справах едзе ў Гайнаўку на пошукі Лукаша Поляка, бацькі сваёй дачкі. Лукаш апынуўся злачынцам, а пазней быў змешчаны ў псіхіятрычную лякарню ў Гайнаўцы. Там яго і шукае Саша. Яна спадзяецца, што хутка завершыць гэтую справу і вернецца ў Гданьск, але ў невялічкім прыгожым гарадку яе чакае мноства таямніц, якія жанчыну так проста не адпусцяць, давядзецца ўблытвацца.
    Кніга наўпрост звязаная з беларусамі і нашай гісторыяй, таму варта звярнуць на яе ўвагу. Падзеі ў рамане адбываюцца ў некалькіх часавых пластах. Самы ранні час у кнізе — 1946 год і падзеі, звязаныя з бандай Рамуальда Райса, вядомага пад мянушкай “Буры”. Зімой 1946 года яго банда здзейсніла масавае забойства праваслаўных беларусаў у вёсках усходняй Польшчы (у тым ліку ў Гайнаўцы). У адным з такіх нападаў была забітая бабуля пісьменніцы, у выніку чаго шасцігадовая маці Катажыны засталася сіратой. Гэтую сямейную трагедыю аўтарка паклала ў аснову гэтай кнігі. Узняўшы тэму “выклятых жаўнераў”, Бонда выявіла вялікую пісьменніцкую мужнасць, бо польскім Інстытутам нацыянальная памяці не так даўно былі апраўданыя ўчынкі Райса і яго Банды. Але як апраўдаць падобнае, калі ёсць трупы, іх сваякі, сведкі трагедыі? Апраўдаць падобнае — плюнуць у душу ўсім гэтым людзям, падкрэсліўшы, што іх жыцці нічога не вартыя. Таму бязмежная падзяка Катажыне за гэтую смелую літаратурную заяву. Так гэтая кніга перастае быць проста дэтэктывам.
    Самы позні час у рамане: 2014 год, калі Саша Залуска прыязджае ў Гайнаўку. У творы мінулае змешваецца з цяперашнім часам, а таксама здольнае ўплываць на будучыню. Гэтая кніга — напамін нам пра тое, як важна ведаць і памятаць гісторыю, памятаць свае карані. “Людзі павінны ведаць і помніць гісторыю, каб вызначаць будучыню.
    У рамане шмат герояў і шмат сюжэтных ліній, і гэта не проста забаўляльны дэтэктыў. Гэта твор, ад якога сапраўды пачнуць варушыцца валасы. Было вельмі балюча чытаць апісанні спальвання вёсак, калі людзі былі вымушаныя ратавацца, скокаючы з верхніх паверхаў дамоў, ратуючы сваіх дзяцей коштам уласнага жыцця… Страшна. І гэта дакладна не тая кніга, якую можна летам узяць з сабой на пляж. Але гэтыя 754 старонкі вартыя прачытання. Магчыма, часам яна крыху шматслоўная, штучна замаруджвае дзеянне і расцягвае кнігу, але чытаецца твор ад гэтага не менш цікава.
    Кнігі Бонды даволі аб’ёмныя, бо яна робіць сапраўды грунтоўную працу. Катажына 12 гадоў працавала судовым рэпарцёрам, таму ведае, як пісаць пра злачынствы. Да таго ж пры напісанні кожнай кнігі яна карыстаецца паслугамі экспертаў у розных сферах, і фактаграфічная дакладнасць яе твораў заўжды на высокім узроўні.
    І найкаштоўнейшае ў гэтай кнізе — Падляшша. Яго гісторыя, культура, традыцыя, адносіны паміж людзьмі, нават апісанні мясцовых нацыяналістаў.
    У пасляслоўі Катажына згадвае, што ў гэтай цудоўнай мясцовасці наўрад ці калі-небудзь адбылася такая колькасць злачынстваў, якія яна апісвае. І прызнаецца ў любові да родных мясцін. Цяпер і мне захацелася там пабываць.

    22
    836