Рецензия на книгу
Дагератып
Людміла Рублеўская
Morra24 мая 2019 г."Дэкаданс, готыка, хорар, бязлітасная чалавечая подласць і палкае каханне насуперак усяму".
Ужо гэта абяцанне з анатацыі выклікае вялікія падазрэнні, бо пісаць падобнае ў ХХІ стагоддзі можна толькі з іроніяй, калі не са з'едлівасцю і натуральным здзекам. У супрацьлеглым выпадку атрымаецца нешта наскрозь састарэлае і нафталінавае, бо ўсе гэтыя клішэ - змрочныя сутарэнні і балоты, схаваныя стылеты, брутальныя мужчыны з моцнымі рукамі і пацалункамі, дзёрзкія прыгажуні, якія нарэшце падаюць у абдоймы, здрады, помсты і што толькі не - мы ўжо неаднаразова бачылі на старонках класічных авантурна-містычных раманаў. У "Дагератыпе" зашмат усяго. І я не магу, на жаль, назваць гэта інакш як дрэнным густам. Дрэнна ўсё - збор згаданых клішэ, прадказальнасць, вялікая колькасць супадзенняў, наіўнасць самага моцнага разліву, сентыментальнасць да млоснасці, кардоннасць паводзін. Героі з першых сказаў насоўваюць маскі і дзейнічаюць строга "па інструкцыі". Увогуле, што тычыцца развіцця адносін герояў абодвух колаў (сучаснага і мінулага), дык складваецца ўраджанне, што раман пісала неспрактыкаваная маладзенькая студэнтачка, якая яшчэ не зняла ружовыя акуляры, а не дарослая жанчына 50+.Больш чым штампы і ненатуральнасць гісторыі раздражняе толькі бясконцая пропаведзь на тэму "Якой павінна быць Любоў да Айчыны ў беларуса". Такая прымітыўная пропаведзь, што хочацца спытацца ў аўтаркі, чаму яна трымае свайго чытача за ідыёта. Я шчыра не разумею, навошта разжоўваць ў кашку добра вядомыя нават са школьнай праграмы факты гісторыі. Беларус, які чытае па-беларуску беларускую літаратуру - гэта ў нейкім сэнсе дыягназ. Такому чытачу не трэба нічога тлумачыць і, тым больш, не трэба яго вучыць патрыятызму. Рублеўская старанна і смела прымярае ролю класічнага славянскага будзіцеля XVIII-XIX стагоддзяў, але няўжо не зразумела, што сёння не трэба ўжо нікога абуджаць. Тое, на што прэтэндуе аўтарка, выдатна зрабіў Уладзімір Караткевіч. "Працягваць яго справу" трэба не прамымі выняткамі, не капіраваннем, а новымі сродкамі, якія адпавядаюць сёняшняму часу.
Прыкра ўдвая, бо Людміла Рублеўская мае добрые пісьменніцкія здольнасці, уменне працаваць з формай, сэнс гумару, фантазію. Але ў гэтым выпадку цікавай выглядае толькі форма - два колы апавядання, хаця, калі ўдумацца, то два часавых пласта - мінулае і сучаснае - не такі ўжо і рэдкі ці арыгінальны прыём. Даўно не ставіла чырвоных зорачак кнігам, але, на жаль, гэта сапраўды дрэнна.
16699