Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Очень голодная гусеница

Эрик Карл

  • Аватар пользователя
    Аноним16 мая 2019 г.

    Думаю, што многім з вас (калі маеце дзяцей) даўно вядомая класічная дзіцячая кніга-кардонка амерыканскага пісьменніка і ілюстратара Эрыка Карла. Кніга перакладзеная больш чым на 20 моў і шмат гадоў трымаецца на самых высокіх месцах у рэйтынгах дзіцячай літаратуры.

    Сёлета кнізе споўнілася 50 гадоў, і выдавецтва "Галіяфы" падарыла маленькім беларускім чытачам магчымасць пазнаёміцца з кнігай на роднай мове.

    Аўтар кнігі вырас у Германіі, але ў 23 гады пераехаў у Нью-Ёрк. Там яму пашанцавала ўладкавацца на працу дызайнерам у газету "The New York Times". І шмат гадоў Эрык нават не думаў пра дзіцячую літаратуру, а займаўся рэкламай. Але аднойчы вядомы дзіцячы пісьменнік Біл Марцін малодшы зацікавіўся рэкламным малюнкам Эрыка і прапанаваў яму стаць ілюстратарам дзіцячай кнігі. Так і пачалася кніжная кар'ера Эрыка, спачатку ў якасці ілюстратара, а потым і аўтара дзіцячай літаратуры.

    Эрык Карл сапраўды даволі вядомы ў свеце аўтар. Яго кнігі прадаюцца велізарнымі накладамі, паводле іх нават ставяцца спектаклі. У тым ліку і ў Беларусі: інтэрактыўны спектакль "Вельмі галодны вусень" ад праекта "Альтанка для чытанкі".

    Асаблівасць яго ілюстрацый — тэхніка калажу, малюнкі ствараюцца пры дапамозе папяроснай паперы, якая складваецца і фарбуецца. Таксама ў кнігах часта старонкі рознага памеру, якія могуць быць прадзіраўленыя ў розных месцах згодна з сюжэтам кнігі.

    У кнізе "Вельмі галодны вусень" мы бачым гісторыю жыцця вусеня, які хоча наесціся, стварыць кокан і ператварыцца ў матылька. З гэтай кнігі дзеткі могуць даведацца, як называюцца дні тыдня, навучыцца лічыць да 5, а таксама пазнаёміцца з рознымі колерамі.

    Дзіцячая літаратура (асабліва для самых маленькіх) — гэта звычайна невялічкія кніжачкі, дзе ілюстрацый больш чым тэксту. Таму рэдактару і карэктару працаваць з такой кнігай прасцей, бо яны маюць магчымасць шмат разоў перачытаць тэкст. І мне заўсёды дзіўна і крыўдна, калі я знаходжу памылкі ў такіх кнігах. На жаль, і ў гэтай кнізе не абышлося без іх.

    Напрыклад, "кавалак шакаладнага торту". Торт ў родным склоне адзіночнага ліку мае канчатак -а, бо гэта канкрэтны назоўнік, які можна палічыць. Таму "торта".

    Далей бачым "лустачку сыра". Сыр — рэчыўны назоўнік, прадукт харчавання, таму ў родным склоне адзіночнага ліку мае канчатак -у: "лустачку сыру".

    Далей "кавалачак пірагу з вішняй". Пірог — гэта канкрэтны назоўнік, адпаведна канчатак -а, як у выпадку з тортам: "кавалачак пірага з вішняй".

    Здавалася б, дробязі, але недапушчальныя для дзіцячых кніг. Таму калі ўсё ж такі хочаце мець у сваёй бібліятэцы гэтую легендарную кнігу па-беларуску, можаце ўзяць і ручкай выправіць памылкі :)

    13
    236