Рецензия на книгу
Ноч
Віктар Марціновіч
Torvald515 мая 2019 г.Кожны новы раман Віктара Марціновіча выклікае не толькі чытацкі ажыятаж, але і гарачыя спрэчкі крытыкаў. Не стаў выключэннем і найноўшы раман “Ноч”, які пабачыў свет летась у выдавецтве “Кнігазбор”. Не варта тут пералічваць усе закіды, якія выказвалі крытыкі ў адрас “Ночы”, але пра адзін варта ўсё ж сказаць. Шэраг крытыкаў даводзілі, што раманы Марціновіча нельга успрымаць і лічыць сур’ёзнай, высокай, а тым больш элітарнай, літаратурай, маўляў, гэта звычайны масліт, разлічаны на густы шырокага паспалітага чытача. Маўляў, проста ў Беларусі ніколі не было свайго масліту, такога, як, напрыклад, у суседняй Расеі, які дарэчы ёй актыўна дапамаглі ствараць пісьменнікі з Беларусі. І таму, кажуць гэтыя крытыкі, раманы Марціновіча відавочна адрозніваюцца ад традыцыйнай беларускай літаратару, але гэта зусім не азначае, што яны належаць да высокай літаратуры. І як раз гэты закід больш за ўсё пакрыўдзіў пісьменніка.
Як па мне, танным маслітам “Ноч” я не называў бы, гэта па-першае. А па-другое, спрэчка гэтая ўвогуле не мае ніякага сэнсу. Бо сёння прыёмы масліту – прыгодніцкі сюжэт, дынамічнасць апавядання, калажанасць і цытатнасць – шырока выкарыстоўваюцца і сур’ёзнымі пісьменнікамі, каб завабіць чытача. А для беларускага чытача гэта асабліва актуальна.
Дык пра што раман? На Зямлі здарыўся катаклізм – знікла сонечнае святло і паўсталі праблемы з электрычнасцю – вуглевадароднае паліва перастала гарэць. Планету апаноўвае анархія, найгоршыя чалавечыя якасці пачынаюць дамінаваць і падпарадкоўваць сабе іншыя. Людзі спрабуюць калектыўна змагацца за выжыванне. Толькі на тэрыторыі Мінску паўстае з тузін полісаў мікра-дзяржаў з розным укладам жыцця – ад рабаўладальніцкага да народнай дыктатуры. Галоўны герой рамана Кнігар жыве ў адным з такіх полісаў – Вольная Муніцыпальная Грушаўка. Ён адносна заможны чалавек, бо захаваў сваю бібліятэку і дае чытаць кнігі за грошы. Грашыма сталі батарэйкі, якія называюць цынкамі. Кнігі робяцца рэдкасцю, бо іх папалілі за першыя месяцы татальнай ночы, таму ў Кнігара кліентаў хапае.
Усё добра, але Кнігару не дае спакой адна акалічнасць. Напярэдадні катаклізму ягоная каханая жанчына паехала ў Непал. І цяпер яна недзе там. Кнігар прымае рашэнне любымі шляхамі дайсці да Непалу і адшукаць каханую. Прыгоды падчас гэтага шляху і апісваюцца ў рамане. Адзначым, даволі цікава і вынаходліва апісваюцца.
Але як раз тут у мяне і найбольш заўваг да рамана. Перадусім мне не падабаецца актыўнае выкарыстанне Кнігаром памяншальна-ласкальнага слэнгу. Неяк гэта ператварае ў галівудчыну ўсю апакаліпсічную сітуацыю. Ці мог бы чалавек пайсці ў шлях, дзе пануе холад, голада, разбой і невядомасць, і так весела ўсё ўспрымаць? Нібыта гэта сённяшняя вандроўка па турыстычным маршруце, дзе праз кожны кіламетр аграсядзіба з разнастайнай і смачнай кухняй. І калі з гумарам пачынаеш глядзець на ўвесь гэты блэкаут, ну то і прафануюцца сур’ёзныя думкі і разважанні, якіх хапае ў рамане. Камусьці, магчыма, гэтая весялосць як раз і даспадобы. Мяне яна раздражняла.
Але што не адмовіць – раман усё ж інтэлектуальны. Прынамсі аўтару, перш чым яго напісаць, трэба было прачытаць дзясяткі кніг – ад Герадота да сучасных маслітаўскіх баевікоў. І тэма, у прынцыпе, актуальная. Апакаліпсіс на Зямлі быў неаднойчы. І абсалютна рэальна можа паўтарыцца. І пра гэта варта думаць і быць гатовымі. А калі гэта залежыць ад чалавека, то і засцерагчы ад яго Зямлю.
211,2K