Рецензия на книгу
Ученики Иисуса
Леонгард Франк
Wild_Iris28 марта 2019 г.Ён усё не адважваўся загаварыць з ёю. Нарэшце-такі выціснуў з сябе:
— Вы яшчэ такая маладая. У вас наперадзе ўсё жыццё. Час — найлепшы доктар.
Рут абыякава адказала:
— Другі раз нарадзіцца нельга.Першыя месяцы пасля Другой сусветнай вайны. Разбуранае бамбёжкамі нямецкае мястэчка. Галодныя і напаўголыя людзі, панурыя і рахманыя. Нянавісць да яўрэяў і жанчын, дзіцячы ідэалізм, абыякавасць, двудушнасць, сяброўства і любоў — усё змяшалася ў віры жыцця, якое спрабуе ці то змяніцца, ці то вярнуцца на шлях віравання.
Дзве трэці кнігі моцна захапляюць перадусім псіхалогіяй учынкаў і пачуццяў, то бок славутым пісьменніцкім корпаннем у чалавечых душах. Аўтарская шчырасць пераконвае, яна прымушае напоўніцу адчуваць як гнеў, так і спагаду. Асабліва моцна ўражвае вобраз Рут — яўрэйскай дзяўчыны, якая перажыла жахлівыя здзекі падчас вайны і спрабуе цяпер пазбіраць драбнюткія кавалкі свайго жыцця. Але ў апошняй трэці палітыка бярэ верх над літаратурай, і аўтар дорыць нам рэцэпт сусветнага шчасця: нягоднікі (калісьці) будуць пакараныя, мужчын выратуе сацыялізм, а жанчын — альбо смерць, альбо цяжарнасць. На жаль, гэта ледзь не дашчэнту руйнуе былы эмацыйны ўплыў. Калі адказам на балючае пытанне «ці можна нарадзіцца зноў» у чарговы раз робіцца «не, але бабы яшчэ нараджаюць», я ў чарговы раз адмаўляюся яго прымаць. Варта ўжо вынайсці нешта новае — як ні лічы, ад папярэдняй спробы ўваскрэснуць мінула цэлых дзве тысячі год.
4493