Рецензия на книгу
Возера Вялікае
Алесь Аркуш
Torvald513 февраля 2019 г.Валянціна Аксак. Лепшыя творы пішуцца з болю
Лепшыя творы пішуцца з болю. Гэтую сэнтэнцыю ярка ілюструе новая кніга паэзіі Алеся Аркуша «Возера Вялікае», якая нядаўна пабачыла сьвет дзякуючы выдавецкай ініцыятыве «Полацкае ляда».
Алесь Аркуш пачынаў свой літаратурны шлях вершамі, але ў апошнія гады амаль цалкам пераключыўся на прозу. Адзін за адным ён выдаў пяць раманаў. І вось новая кніга паэзіі — «Возера Вялікае». Яна прысьвечаная бацькам аўтара, якія ня так даўно пакінулі гэты сьвет.
пабачыліся абняліся
і разьвіталіся
да наступнай РадаўніцыВозера Вялікае — гэта родныя мясьціны маці паэта, куды ў маленстве ён часта прыяжджаў. Гукі, пахі, відзежы тых ваколіцаў асабліва выразна абудзіліся пасьля таго, як хата продкаў абязьлюдзела. Але ў падсьвядомасьці ўсё захавалася нязьменным.
упарта згадваю
адну і тую ж відзежу
па вузкакалейцы
едзе цягнічок
гружоны торфам
так выразна яго бачу
што магу
распазнаваць лічбы
на бартах вагонаў
грукоча цягнічок коламі
мільгаціць у вачах лічбамі
ужо і сьледу не засталося
ад той вузкакалейкі
а цягнічок усё некуды
сьпяшаеццаЦі вось яшчэ:
чаму я заўсёды
пазнаю цябе
вецер з аеравым пахамНезваротны сыход родных абвастрае ўнутраны зрок, выхоплівае з краявіду ня бачныя раней праявы.
ля драўлянай капліцы
якая хутчэй награваецца
ад веснавога сонца
шчыльным гуртом
грэюцца замшэлыя
уросшыя ў зямлю
надмагільныя камяніДуша, збалелая ў суме па страчаных крэўных, робіць простыя, здавалася б, адкрыцьці.
раптам усьведамляеш
у гэтай капліцы
сумоўнічалі з Хрыстом
тры пакаленьні тваіх продкаўНа ўласным шляху да вечнасьці паэта часта наведвае пачуцьцё дарогі ў нікуды.
бляклае сьвятло месяца
ледзь прыкметная дарога
і ўсё
і больш нічога
толькі поле і дарога
у нікуды
да месяца
і зорВярэдзіць паэтаву душу і марнасьць многіх ведаў і ўмельстваў, калі ніхто ў свой час не навучыў галоўнаму — гадаваць жыцьцё.
калі зьбіраў пад дзедавым
дубам жалуды
згадаў як у школе
на ўроках працы
нас вучылі рабіць
зь іх чалавечкаў
і цэлы дзень
думка не давала
мне спакою
чаму нас не навучылі
расьціць з жалудоў
сапраўдныя дрэвы12304