Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Сонька

Ігнат Карповіч

  • Аватар пользователя
    xbohx22 декабря 2018 г.

    Ігнат Карповіч — сучасны польскі пісьменнік, які нарадзіўся на Беласточчыне. У 2015 годзе раман «Сонька» быў намінаваны на польскую літаратурную прэмію «Nike», а ў 2018 годзе пабачыла свет беларускае выданне ў перакладзе Марыі Мартысевіч.
    Галоўная гераіня рамана — старая жанчына з польскай вёскі Гарадок. У сабе яна носіць гісторыю, якая мусіць быць пачутай, няхай толькі знойдзецца ўдзячны слухач. У гэтай гісторыі яна маладая дзяўчына, якая вырасла без маці, але з жорсткім бацькам і двума братамі. І ў жыцці Сонькі з’яўляецца яшчэ адзін мужчына — немец, афіцэр SS, якому наканавана завалодаць яе сэрцам на ўсё жыццё. Яны з розных светаў, не маюць агульнай мовы, але іх аб’ядноўвае нешта большае, што не ўбачыць на паверхні. І гэтая трагічная гісторыя кахання столькі гадоў выспявала ў жанчыне, каб выбухнуць першаму незнаёмаму чалавеку.
    Раптоўна ў яе жыцці з’яўляецца тэатральны рэжысёр з Варшавы Ігар, які невядома якім чынам на сваім шыкоўным аўтамабілі апынуўся сярод вёскі, дзе не прымае сігнал сотавага аператара, а да цывілізацыі далёка. Менавіта яму наканавана пачуць гісторыю Сонькі і ператварыць яе ў твор мастацтва, паставіць на сцэне. І як казаў Шэкспір: «Увесь свет — тэатр, людзі ў ім — акцёры». Раман пра ўспаміны і пра тое, як важна расказаць сваю гісторыю перад тым, як сысці. Пакінуць след, нават у душы выпадковага незнаёмага чалавека, каб ваша гісторыя жыла далей. Раман пра каханне, якое магчыма ва ўсе часы, нават у бязлітасныя часы вайны.
    У арыгінале кнігі Сонька нават гаворыць па-беларуску, дакладней, карыстаецца паўночна-заходнімі гаворкамі беларускай мовы, пашыранымі на Беласточчыне.
    І трэба адзначыць, што такі даволі беларускі раман польскага аўтара быў прыхільна ўспрыняты на яго радзіме. Цяпер і беларускі чытач мае магчымасць пазнаёміцца з гэтым творам.
    “Сонька”, ты разарвала маю душу. Я не думала, што даволі распаўсюджаная ў часы Другой сусветнай вайны гісторыя кахання беларускі і немца зможа мяне так закрануць. Можна згадаць твор Алеся Адамовіча “Нямко” пра каханне нямецкага салдата Франца і беларускай дзяўчыны Паліны. Але чамусьці тэкстава гісторыя Сонькі закранула мяне нашмат больш. Не сюжэтам, гісторыяй, а менавіта тым, якімі словамі і кампазіцыйнымі прыёмамі яна напісаная. Чытала менавіта па-беларуску, але абавязкова куплю ў сваю бібліятэку польскі асобнічак і перачытаю.

    9
    294