— Ну, што ж? Згодзен: так... «На ростанях»
goldfish1921 декабря 2022— Ну, што ж? Згодзен: так яшчэ лепей. Пытанне можна лічыць вырашаным,— скончыў Лабановіч і ўважліва зірнуў на Анцыпіка: — Скажы, Іване, як гадаеш правесці лета і што мяркуеш рабіць далей? Ці на век прысягнуў пачатковай школе, ці ёсць якія-небудзь іншыя планы?
Анцыпік заміргаў вачамі ў прадчуванні нейкай сур'ёзнай гутаркі. Сур'ёзных размоў ён не любіў, лічачы, што яны могуць збіць чалавека з тропу.
— А я аб гэтым і не думаю,— адказаў Анцыпік.— Дый што думаць? Надакучыць сядзець тут, паеду да бацькоў, там пажыву, папрацую на лузе, на полі. А прыесца і гэта, буду думаць пра нешта іншае. А так без патрэбы навошта мазоліць мазгі і псаваць нервы? Маё правіла такое: ціха, дык не рыпайся, а стануць прыціскаць, збярыся неўзаметку ды бяжы ў іншае месца.
— А за што ж і хто прыцісне, калі ты будзеш ціха сядзець? — спытаў Лабановіч.
— Ды яно і гэта праўда,— шчоўкнуў Анцыпік.— Але бываюць розныя людзі, што без дай прычыны прывяжуцца да цябе. I ўсё ж самае лепшае правіла: не чапай нічога і не бойся нікога.
— А вось жа ты сядзеў ціха, нікога не чапаў, а прыстава збаяўся і задаў уцекача,— укалоў Лабановіч.
Анцыпік утупіўся, хацеў штось запярэчыць, але Лабановіч дадаў:
— Урэшце, усё-такі твая праўда: ты не датрымаў свайго правіла, зачапіў Ганну Карлаўну, якую меў ці мае на воку грозны станавы прыстаў.
Для Анцыпіка гэты выпадак быў непрыемны, як непрыемны быў і напамінак аб ім.
360