У студзені 1904 года... «На ростанях»

  • Аватар пользователя
    goldfish19
    14 ноября 2022

    У студзені 1904 года пачалася вайна з Японіяй.

    I сама гэтая Японія, і тыя прычыны, што спарадзілі вайну, былі не вельмі вядомы шырокім колам насельніцтва, асабліва вясковага. А толькі цяпер сялянская мова пабагацела на два словы: «Апонія і апонцы», але за гэтымі словамі хаваўся вельмі цьмяны змест, як быў цьмяным і самы сэнс вайны.

    Праўда, і па цёмных закутках неасяжнай Расіі знаходзіліся храбрыя і надта ўспанялыя палітыкі-ваякі, для якіх усё тут было проста і ясна. Усю сваю мудрасць і празорлівасць яны выказвалі ў двух кароткіх пунктах: 1. Японцы — гэта макакі, або жаўтамордыя малпы. 2. Белы цар, цар-бацюшка, намне ім шыі так, як яны таго і не снілі, бо хто не адчуваў на сабе сілы царскага кулака? I пры гэтым адважны палітык-ваяка, седзячы ў цёплым пакоі і папіваючы гарбатку з каньячком, згортваў кулак і трос «япошкам».

    Цар Мікалай зараз жа падпісаў маніфест, паведамляючы, што дзёрзкі вораг напаў ні з таго ні з сяго на нашу эскадру ў Порт-Артуры, напаў спотайку, як злодзей, не паведаміўшы, не абвясціўшы вайны, за што і трэба пакараць яго, заступіцца за гонар Андрэеўскага сцяга, а таму і абвяшчаецца японцам вайна. Цар не забыўся прыхапіць на свой бок і Госпада Бога, выказваючы надзею на сілу рускай зброі. Ён зварачаўся да вернага прастолу дваранства і вернападданых сялян, заклікаючы іх выканаць свае абавязкі і спадзеючыся ад іх усялякага геройства, якога ў нас ніколі не бракавала.

    Следам за маніфестам пачаліся выбухі казённага патрыятызму, але ўражанне ад іх было вельмі нязначнае. Газеткі казённага кірунку, знаходзячыся на ўтрыманні казны, стараліся раздзьмуць патрыятызм і пасеяць нянавісць да японцаў, не шкадуючы фарбаў, каб паказаць усю іх азіяцкую некультурнасць і нікчэмства.

    714