Два дні таму назад знайшоў... «На ростанях»

  • Аватар пользователя
    goldfish19
    14 ноября 2022

    Два дні таму назад знайшоў Лабановіч на ганачку школы дзіўную рэч. Загорнутая ў газетную паперу, на лаўцы каля сцяны, ляжала маленькая кніжачка. Настаўнік увайшоў у кватэру і стаў чытаць. Словы і літары замітусіліся, заскакалі ў яго вачах, як бы ў нейкім танцы, і ён спачатку не мог сачыць за мыслямі аўтара, хоць яны былі надта простыя і ясныя, да таго незвычайны быў змест кніжачкі.

    Усе тыя ўяўленні аб цару як аб памазанніку Божым, як аб персоне справядлівай, бесстаронняй, для якой інтарэсы самага апошняга бедака і інтарэсы вяльможы — зусім аднакія, словам, увесь той златабляск, якім агортвалася асоба цара, і тое ўвасабленне ўсяго найлепшага, што толькі можа быць у чалавеку,— усё гэта развейвалася тут самым бязлітасным чынам, развейвалася ў прах. Аўтар метка біў у гэты казённы шчыт царскае асобы і рашэціў яго, сцягваючы з цара далікатныя покрывы і паказваючы ў сапраўдным, непадмалёваным, грубым выглядзе чалавека-павука, найбольшага крывасмока на целе народа.

    Усе мыслі аўтара накіраваны былі на адно і білі ў адну цэль: разбурыць веру ў цара, паказаць яго ў сапраўднай істоце. У кніжачцы даваліся так званыя царскія рэформы ў зусім новым асвятленні. Тут жа высмейваліся царскія загады і мерапрыемствы, накіраваныя быццам бы на дабро народу, як устанаўленне інстытута земскіх начальнікаў і іншае. На справе ж аказвалася зусім не тое, і даводзілася гэта ўсё на простых прыкладах. А поплеч з гэтым раскрывалася сапраўдная роля тых палітычных арганізацый, на чыіх сцягах было напісана бязлітаснае змаганне з царызмам за вызваленне народа з-пад ярма самадзяржаўя, тых арганізацый, якія змушаны былі туляцца ў патаемных кутках і якія шальмаваліся і кляйміліся страшнымі словамі — вырадкі, злачынцы, крамольнікі. «Памятай, Мікола Крывавы: цяпер табе Масленіца, але прыйдуць і посныя дні». Так канчалася брашурка.

    710