Пажартавалі трохі сябры, а... «На ростанях»

  • Аватар пользователя
    goldfish19
    14 ноября 2022

    Пажартавалі трохі сябры, а потым пачалі гаварыць аб сваіх школах, пераводах, аб сваіх адносінах да так званай інтэлігенцыі, з якою прыходзілася жыць.

    — Можа, яны шчаслівейшыя за нас, усе тыя, што ў карты гуляюць і гарэлку п'юць? Ім гэта люба, у гэтым іх радасць, і яны ніякіх чартоў знаць не хочуць. А я дык і піць не хачу — праціўна! Карты не горнуць мяне, а дзяўчаты хоць і хіляць, але я з сваім «імбрычкам»,— так назваў Янка свой нос,— саромеюся паткнуцца да іх. Мне ўсё здаецца, што яны смяюцца з мяне. Што ж мне рабіць? — пытаў Янка. Сур'ёзнае і жартлівае перамешвалася ў яго прамове.— Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Сёння яна — мерка, а заўтра — глупства, і я сам адмяняю яе сваёй уласнаю рукою. Я кідаюся ад аднае тэорыі да другой, бяруся за адно, хапаюся за другое і ўсюды адстаю. Чытаеш адну кнігу, здаецца — тут праўда. Возьмешся за другую і з ёю згаджаешся. Цяпер вось захапіўся Ніцшэ «Так казаў Заратустра», і мне хочацца быць «надчалавекам», чорт вазьмі! А калі строга падумаць, то выходзіць, што ты проста чалавек з пакалечанымі семінарскім выхаваннем мазгамі. А аб вас я не адважваюся гаварыць гэта, хоць і вы, напэўна, такія ж хісткія, як і я, я — дрэва ў полі, што хіліць галіны туды, куды вецер дзьме.

    — Ну, гэта — вельмі песімістычнае прызнанне, Янка,— азваўся Садовіч.

    508