Настрой у яго быў самы... «На ростанях»
goldfish1918 июля 2022Настрой у яго быў самы паганы. Ён проста не мог знайсці сабе прыпынку, не ведаў, за што ўзяцца. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоіку, ён узяў паперу і пяро і сеў пісаць ліст свайму семінарскаму сябру Янку Тукалу.
«Мілы Янка!
«Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты? Адгукніся! Як без цябе тут гарую, прыйдзі падзівіся».— З гэтае песні пачаў ён, змяняючы яе тэкст.— Абрыдла, брат, мне тут. Усё прыгледзелася і прыелася. Пачынаецца вясна. Разам з ёю ва мне абуджаецца і нейкі дух бадзяння. От бы забраў пад паху свае манаткі, пайшоў бы куды вочы глядзяць. Скончыцца работа ў школе, паеду дадому. На другі год думаю перабрацца куды-небудзь далей у глыб Палесся. Я пачынаю аналізаваць самога сябе і вынікамі застаюся незадаволены. Тая звычайная работа, якую мы павінны весці ў школе, мне здаецца мала вартоўнай, і калі толькі ёю абмежаваць сваю дзейнасць, то гэта значыць рабіць вельмі мала, бо будзеш заўсёды чуць нейкі недахват. I тады трэба будзе на ўсё махнуць рукою, а каб было весела, прыйдзецца звярнуцца да карт, гарэлкі і праз колькі гадоў зрабіцца поўным вахлаком, што звычайна на кожным кроку і робіцца. Я чую, што ў мяне няма грунту пад нагамі, бо я не намеціў сабе пэўнага плана работы. Я, брат, тая муха, што папала пад шкляны каўпак: і свет вакол відаць, і месца ёсць выбіцца з гэтага каўпака, але няма здольнасці папасці ў выйсце. I не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма. Можа, каму выпадкова і пашчаслівіцца знайсці дарогу з гэтага каўпака, але пераважная большасць пападае ў сыроватку і трапечацца ў ёй, покі не захлынецца. Яшчэ нічога, калі ўсяго гэтага не заўважаеш і думаеш, што так і трэба. Але вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш, што ў гэтым балоце твая грамадзянская смерць. I калі б мяне спытаў хто, што мне найболей кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражанне за першы год настаўніцтва, я вызначыў бы гэта так: павольнае ўміранне душы і зацягванне цябе балотам... Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Няхай жыве вандроўніцтва!
Як я табе і казаў, ва мне з незвычайнаю сілаю абудзіўся дух бадзяння. Я не знаходжу сабе спакойнага месца, мяне кудысь цягне і парывае. Часамі проста хочацца зашчаміць сабе галаву і плакаць. «Маркотна жыць на гэтым свеце, панове». Цяпер толькі зразумеў я, якую праўду казаў Гогаль».
Напісаўшы гэты ліст, Лабановіч прылёг на канапу і задумаўся... «А ўсё гэта я лгу: не тыя прычыны майго нездавалення і смутку». I перад ім ізноў усплыў вобраз Ядвісі, і зноў аб ёй, толькі аб ёй, пачаў думаць.
676