Звычайна ж дзяды сядзелі... «На ростанях»
goldfish1918 июля 2022Звычайна ж дзяды сядзелі больш дома або на двары корпаліся. У царкву яны бадай што ніколі не хадзілі, ды царквы ў Цельшыне, апрача каплічкі на могілках, не было. А дома маліцца Богу не выпадала — больш награшыш, чым намолішся. Апрача таго, маліцца іх не вучылі. I наогул, ніхто ў Цельшыне не ўмеў маліцца як трэба. Кожны маліўся так, як зносіў яго розум. Адзін раз у год, на Благавешчанне, прыязджаў сюды бацюшка з Малевіч. Тады ўжо ўсе цельшынцы і неслі свае грахі яшчэ больш грэшнаму а. Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п'яніца і лаяльнік. Напэўна, за гэта і пакараў святы Ілья малевіцкую царкву, пабіўшы перуном яе вежу. А можа, і другі грэх а. Мадэста мог пацягнуць за сабою такую кару, бо ён сушыў жыта за царскімі дзвярамі, а ў святую нядзельку перад набажэнствам зазвычай хадзіў на балота трасці бучы з рыбаю сваіх парафіян. Раз, ходзячы па балоце, уваліўся ён дзесь у апарыну па самы пояс. Царкоўны стараста, які таксама хадзіў разам з бацькам на раздабыткі, стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног.
— Чаго пазіраеш, падла пранцаватая? Цягні мяне!
Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста.
У гэту нядзельку а. Мадэст зрабіў забастоўку і не пайшоў служыць абедню.
— Што, бацюшка, можа, час званіць на абедню? — пытаў яго дома стараста.
— А ні дзлэнг! — крыкнуў а. Мадэст.— Як Бог да мяне, так і я да Бога!
I ўсё ж такі, нягледзячы на ўсё гэта, цельшынцы адчувалі нейкую патрэбу так ці іначай мець сувязь з небам і царкоўнасцю, хоць гэта сувязь была больш фармальная і павярхоўная.
575