- Главная
- Якуб Колас
- 📚 Книги
- На ростанях
- Цитаты
- Шырокі гасцінец з двума... «На ростанях»Шырокі гасцінец з двума... «На ростанях»
Шырокі гасцінец з двума... «На ростанях»
goldfish196 июля 2022Шырокі гасцінец з двума радамі старых бяроз збягаў з горкі раўнюсенечкаю сценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым, здавалася, гусцей стаялі гэтыя развіслыя тоўстыя дрэвы, усё болей і болей зніжаліся яны, а потым зліваліся ў адзін шнур і замыкаліся сабою самімі, як бы ўпіраліся ў лес і хаваліся за лінію небасхілу.
Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губерні і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! З якой незвычайнай сілай парываюць яны да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Якая ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых шляхах і думалі свае думкі? Ці не ён, гэты летапіс часаў, так глыбока западае ў тваю душу, каб адбіцца ў ёй, знайсці свой пэўны вобраз і форму і грознаю маланкаю жахнуць цёмную ноч няволі, што звісла над краем? А можа, гэта таемная і страшная бясконцасць блукання па свеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сімваламі якіх з'яўляюцца гэтыя шляхі, авявае душу тваю невыразным хваляваннем і кліча яе зліцца з бяскрайнасцю зямлі? Ці то — няясны адбітак вечнага нездавалення людскога, таемны покліч да шукання іншых форм жыцця, несвядомае імкненне да лепшае долі? Ці то — парыванне душы разбіць нейкія граніцы і вырвацца на бязмежныя прасторы яшчэ нідзе неіснуючай волі?
Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад?
1 понравилось
3,3K