— Ты плюнь, бабка, на гэта,... «На ростанях»

  • Аватар пользователя
    goldfish19
    4 июля 2022

    — Ты плюнь, бабка, на гэта, бо ўсё гэта — глупства, а лепш вось што: скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывём?

    Бабка не ведала, які тон ёй узяць, каб не памыліцца, і сказала:

    — Гэ, панічок: што вы так усё пытаецеся?.. Гляджу я на вас і дзіўлюся: сядзіць сабе, як той манашак, і ўсё ў гэтыя кніжкі пазірае. Паглядзелі б трохі, і годзе. А то калі ні прыйдзеш, вы ўсё ў кнігі глядзіце. Хіба можна так пільна і доўга пазіраць у іх? — І, памаўчаўшы, дадала: — Сушаць яны, і болей нічога.

    — Дык ты, бабка, не ведаеш, чаго мы на свеце жывем?

    — Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывем, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць.

    — Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на свеце жывем.

    — А навошта, панічыку, і ведаць? Жыве чалавек і жыве, пакуль Бог яму прызначае. А прыйдзе час яму памерці — памрэ.

    — А дрэнна, бабка, што трэба ўміраць!

    — Што вы, панічыку, усё пра смерць гаворыце! Дзіўны вы, панічок, далібог! Вось той паніч, што быў перад вамі, бывала, пойдзе куды: ці да пана падлоўчага, або да Курульчука на будку. Там паненка была, ой, прыгожая паненка! Яе цяпер дома няма, а вось прыедзе, дык пабачыце самі!

    — А хіба ж тут паненкі ёсць? — зацікавіўся Лабановіч.

    — О, панічыку, чаму ж няма!

    Бабка пачала пералічаць і расхвальваць паненак.

    573