
Пераклады
Wild_Iris
- 1 226 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Зак Буш - амерыканскі музыка і саўладальнік джаз-бара ў Маямі. Аматар літаратуры, ён усё жыццё прагнуў стаць аўтарам кнігі і ўрэшце даў рады пасля нараджэння двух дзяцей: у 2018 годзе пабачыў свет бестселер "Дадзены мне" (Made for me), а ў 2022-м выйшла і беларуская версія ў перакладзе Дар'і Зубовіч.
"Дадзены мне" - гэта невялічкі вершаваны твор пра пяшчотныя адносіны бацькі і дзіцяці. Кожная старонка змяшчае па два рыфмаваных радкі, простых і кранальных. Як на мяне, іх цымус у тым, што аўтар легалізоўвае праявы мужчынскай пяшчоты. Ён прагаворвае тыя пачуцці, які не кожны тата наважыцца паказаць.
Ілюстрацыі ў кнізе падабаюцца мне больш, чым тэкст, што для дзіцячай літаратуры не дзіўна. Аднак гатова паручыцца сваім хвосцікам, што з любымі іншымі малюнкамі выданне не было б такім мімімішным. Мастак Грыгорыа дэ Лаўрэнціс трапляе ў сэрданька праз спалучэнне гіпербалізавана вялікага, мужчынскага, з маленькім і мілым. Цудоўна, што тата не выглядае па-галівудску ідэальным: круглы, кашлаты, ён носіць недарэчную кепку і мае пульхную дупку, што крыху вылазіць з нагавіц. Аднак менавіта гэта робіць яго блізкім і чалавечым.
Інфармацыі пра Дар'ю Зубовіч у агульным доступе мала - апроч перакладу "Дадзены мне", яна згадваецца як аўтарка слоў да музычнага спектакля "Маё сэрца б'ецца". На сайце нацыяналкі пазначана, што ў 2024 годзе пабачыла свет і аднайменная аповесць, аднак больш падрабязных звестак пра гэтую кнігу я не знайшла.
У апавяданні "Мадонны" Максім Багдановіч адзначыў, што вобраз дзяўчыны з мацярынскімі пачуццямі варта паставіць нават вышэй за шэкспіраўскія тыпы. Падаецца, што вобраз бацькі, які пяшчотна любіць свайго дзіцёнка і не саромеецца гэта паказваць, павінен быць дзесьці побач.
АДЗНАКА: 10 арэшкаў з 10.