А раптам
DecatoOvertired
- 22 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Марыя Вайцяшонак - паэтка, чый жыццёвы і творчы шлях неаддзельны ад ценяў мінулага. Народжаная на сібірскіх рудніках у сям'і сасланага польскага афіцэра і беларускай сялянкі, якія дагэтуль ляжаць пад снежным алтайскім саванам, яна зазнала дзетдомаўшчыну. Уратавала цётка, якая выпатрабавала дзяўчынку да сябе на Пастаўшчыну. Гэтая дваістасць - беларускага і алтайскага - адна з загадак, якую прапануе нам дзённік "На прызбе ў Сілічах".
З'яўленню кнігі паспрыялі цяжкія абставіны: Марыя губляе зрок. Для чалавека, якому надзвычай важна чытаць і пісаць, гэта фактычны прысуд. Нечаканым паратункам стаў блог "На прызбе ў Сілічах", дзе паэтка нагаворвае тэкст (а часцей проста размаўляе па тэлефоне), а Аксана Ёркіна публікуе яго ў фэйсбуку. Спасылка - у сторыз.
Кніга не мае выразнага пачатку ці канца: адчуванне такое, што ты проста слухаеш жывыя, няспешныя і месцамі медытатыўныя гутаркі на любыя тэмы (жыццё, побыт, сад і, вядома, літаратура - частка вершаў публікуецца тут упершыню). Чырвонай лініяй скрозь кнігу праходзіць рэфлексія па страчанаму дому: пераехаўшы з Іслачы ў Сілічы, аўтарка пачуваецца эмігранткай. А часам хтосьці з суразмоўцаў можа дадаць эфект прысутнасці, проста сказаўшы "Алё!". А чытач, здрыгануўшыся, думае: можа гэта мне?
Марыя Вайцяшонак - той выпадак, калі проза падобна да паэзіі: здаецца, яна не толькі піша, але і думае ёй нават на самыя звычайныя і будзённыя тэмы. Падчас чытання я лавіў сябе на тым, наколькі ж рознае ў нас светаўспрыманне, і пачуваўся абсалютным "фізікам" на фоне "лірыка".
"Нацыянальная самасць" - спалучэнне слоў, якое я не раз сустракаў у дачыненні да паэткі. Штосьці ў яе вершах, здаецца, дазваляе намацаць ледзь улоўнае, але сваё. На гэтым фоне нечаканым выглядае згаданая дваістасць, якая адбіваецца і ў моўным аспекце: аўтарка спакойна (часам па некалькі разоў за сказ) пераходзіць з беларускай на рускую і наадварот. Справа тут не столькі ў мовах, колькі ў пачуццях і эмоцыях, якія яны выклікаюць. Далей тлумачыць не буду - выйдзе спойлер)
Пры ўсёй цяжкасці кніга аптымістычная і шчырая: гэта легальны спосаб дакрануцца да іншага жыцця і пабыць крыху па той бок творчага мыслення.

І наогул: жанчыны, часцей за ўсё, санітаркі ў гэтым жорсткім крывавым мужчынскім свеце...

У час зарападу
выйсці ў сад
сесці пад парасонам
з кубкам азону
і спрабаваць на смак
шчасце...

А наогул, жыць трэба па Горвату: вяртацца ў дзедаву хату, лёгка і выкшталцона пісаць пра свае цяжкасці і па-італьянску весяліцца.