
Пераклады
Wild_Iris
- 1 228 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
У дзяцінстве мы часта схільныя ўсё гіпербалізаваць. Дрэвы растуць вышэй за неба, а цукеркі такія смачныя, што хочацца толькі іх і есці да канца жыцця. А што калі ў вашым дзіцячым садку з’яўляецца без перабольшання чараўнік? Незвычайны нават з выгляду хлопчык, які заязджае ў групу на сабаку і прымушае здзівіцца нават старэйшых, якія, здавалася б, бачылі ў гэтым жыцці ўжо мноства дзіўных рэчаў.
У 2020 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў вясёлы і дасціпны твор для сямейнага чытання. Кніга, дзякуючы якой нават бацькі змогуць вярнуцца ў прыемнае маленства, абмеркаваць з дзецьмі агульныя тэмы і падзяліцца ўспамінамі.
З польскай мовы твор пераклала Марына Шода, і я віншую яе з удалай адаптацыяй назвы. Калі ўбачыла беларускае выданне ў кнігарні — адразу захацела зірнуць, як жа героя завуць у арыгінале. Па-польску ён Ambroży Pierożek, але беларускі Галляш Бяляшык мне падабаецца нават больш.
Гэта вельмі неардынарны і загадкавы персанаж, падобных да якога нячаста сустракаеш у дзіцячай літаратуры. Ён з’яўляецца ў групе раптоўна, і так жа раптоўна знікае, нібыта выканаўшы сваю місію. У садку ён кажа, што запісалі яго сюды бацькі, і ў дарослых няма падставы не верыць хлопцу, таму яны прымаюць яго ў групу. Апавядальнік у творы — адзін з хлопчыкаў з гэтай групы, якога завуць Томчык. І расказвае ён нам гісторыю акурат па просьбе Бяляшыка.
Магчыма, раптоўнае з’яўленне таямнічага хлопчыка ў незвычайным адзенні з катом у кішэні не выглядала б такім дзіўным, калі б не цуды, якія пачалі здарацца потым. Галляш заўсёды з’яўляецца там, дзе патрэбна яго дапамога, каб растлумачыць дзецям, як паводзіць сябе ў пэўных сітуацыях, а як лепш не рабіць. Каб дзеці і дарослыя навучыліся добрым рэчам. І яны вучацца на яго ўроках, нават не разумеючы, якая роля ва ўсім гэтым была ў Бяляшыка. Галляш дае па носе ўсім зачэпам, прымушаючы іх аказацца на месцы тых, каго яны крыўдзілі.
Мяркую, што кнігу можна чытаць гадоў з 4, паколькі падзеі адбываюцца ў дзіцячым садку, але весела прабавяць час з кнігай і малодшыя школьнікі, і нават дарослыя. Пры гэтым твор даводзіць дзеткам важныя рэчы: мы ў гэтым свеце не адны, таму паводзіць сябе трэба так, каб ад нашых дзеянняў не было шкоды іншым. Мабыць, многія дарослыя так і не навучыліся гэтаму ў дзяцінстве, калі дазваляюць тое, што адбываецца ў свеце цяпер. А можа, яны проста не чыталі добрыя кнігі.
Мне часам вельмі не хапае такога Бяляшыка ў жыцці, які б расказаў, што я раблю не так і як зрабіць лепш. Вясёлая і, што важна, разумная кніга.
А што наконт цмока, які сустракаецца ў назве? Пра гэта вы даведаецеся, прачытаўшы твор :)
Ілюстрацыі да кнігі намаляваў Мацей Шымановіч, і яны дакладна робяць палову поспеху кнігі, паколькі гарманічна яе дапаўняюць. Чытаеш твор і разумееш, што менавіта так Галляш Бяляшык і выглядае, і ніяк інакш.