Собаки, собакены, псы, песики и пёсели на обложках
ElenaOO
- 2 642 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Адна з найлепшых дзіцячых кніг, што я чытала ў апошні час. Дарослы прачытае за паўгадзінкі, і гэта з перапынкамі на парагатаць. Асобна раю выдзеліць час, каб паразглядаць цудоўныя ілюстрацыі Гражыны Рыгаль.⠀
Кніга складаецца з васьмі невялічкіх апавяданняў, якія вельмі зручна чытаць з дзеткамі перад сном. Так яе можна расцягнуць на некалькі дзён, але баюся, што маленькія чытачы адразу ж будуць патрабаваць працяг. Бо надта прывабныя ў кнізе персанажы і гісторыі.
Многія дарослыя пазнаюць у галоўным героі сябе. Іпаліт Шланг надзвычай капрызны і пераменлівы сабака. Ён штодзённа ўстае не з той нагі і ўвесь час чымсьці не задаволены. А таксама любіць сябе шкадаваць. Пазналі сябе ці кагосьці знаёмага? Я ведаю мноства такіх людзей. З імі даволі няпроста камунікаваць, але знайшоўся смяльчак, які стаў сябрам Іпаліта, — кот Алаізій Кацялок. Ён цярпліва выносіць усе выбрыкі Шланга, бо на тое яны і сябры.
Шланг не дрэнны пёс, проста сёння яму вельмі весела, а заўтра можа стаць вельмі сумна. Але ў яго добрае сэрца і ён умее сябраваць.
Кніга хоць і дзіцячая, але ж якая надзённая і актуальная. Напрыклад, першае апавяданне “Не ўсё страчана” — алюзія на нашу рэчаіснасць, дзе людзі выстаўляюць сваё жыццё, нібы тавар у вітрыну. Дзеляцца здымкамі ва ўсіх магчымых сацыяльных сетках, і часта бываюць няшчырымі. Прагнаць фота праз дзясятак дадаткаў, якія зробяць тон скуры больш роўным, а талію больш тонкай. Паставіць геатэг “Гоа”, калі насамрэч праводзіш лета ў бабулі ў Ганцавічах. А людзі з невысокай самаацэнкай потым разглядаюць чужыя здымкі і сумуюць, што ім ніколі такога не дасягнуць. Гэта выклікае яшчэ большае падзенне веры ў сябе. А потым дэпрэсія. Вось і Шланг сумуе, што яму няма чым пахваліцца, у адрозненне ад усіх гэтых сабак, якія посцяць фота з выставак і паказаў. Але галоўнае, што побач з ім верны сябар, бо рэальнасць больш цэнная, чым інтэрнэт-слава.
У іншых апавяданнях даводзяцца простыя думкі пра тое, што кепскі дзень можа здарыцца ў кожнага. Галоўнае, каб побач быў нехта, хто зможа цябе падтрымаць і прынесці трохі сонейка нават у самы змрочны дзень.
Тэкст вельмі дасціпны, трапны і смешны. У ім шмат прыемнага гумару і зусім не крыўднай іроніі.
Вядома ж, самыя маленькія чытачы не зразумеюць усіх глыбокіх пасылаў гэтай кнігі, але і без іх разумення кніга чытаецца з задавальненнем. Да таго ж яна яркая і прыемная. А бацькам будзе цікава чытаць разам з дзецьмі не чарговую прымітыўную дзіцячую кнігу.
Лічыце, што вы надта дарослы для дзіцячых кніг? Пачытайце гэтую. Вы можаце сціпла схавацца з ёй у цёмным куточку кватэры, але ваш смех пачуюць ва ўсім доме.





