Беларушчына
Skrim
- 77 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Складана патлумачыць, наколькі важны гэты аўтар асабіста для мяне. Адзін з любімых сучасных літаратараў, неверагодна таленавіты, адораны, той чалавек, які сапраўды жыве літаратурай і не ўяўляе жыцця без яе. З Федарэнкам звязаная і мая навуковая дзейнасць: першую курсавую на другім курсе пісала па ягонай аповесці “Ланцуг”, а з чацвёртага курса ўшчыльную занялася яго творчасцю, вынікам чаго сталі дыпломная, магістарская, а цяпер рыхтую кандыдацкую дысертацыю, дзе Федарэнка з раманам “Мяжа” адзін з галоўных герояў. Таму не трэба тлумачыць, што Федарэнку я бязмежна люблю.
А яшчэ ён адзін з тых аўтараў, якога я магу чытаць няважна пра што, галоўнае як. Гэта неверагодная здольнасць зачараваць словам, апісаць простыя рэчы так, як табе ніколі б не прыйшло ў галаву. Піша ён даволі традыцыйную прозу, і часам можа выказаць усё адной фразай, ды так, што ў чытача сківіца адвісне, а часам распісваецца на некалькі старонак апісаннем прыроды, ды так апіша, што табе перагарнуць не захочацца (як часта, чытаючы творы школьнай праграмы, мы грашылі такім перагортваннем “нецікавай прыроды” ). Апошняя кніга Федарэнкі “Ціша” выйшла 4 гады таму, таму “Сузіральніка” можна назваць доўгачаканай кнігай. Сумна толькі, што ў ёй усяго 144 старонкі. Увайшлі ў кнігу дзве аповесці (“Ксю”, “Сузіральнік”), два апавяданні (“Сахалінка”, “Шчасце”) і два эсэ (“Манголія”, “Пташнікаў”). Аповесць “Ксю” пра няспраўджаныя мары маладосці. Як часта ў жыцці выпадае шанец паспрабаваць тое, што калісьці не атрымалася? Галоўнаму герою Лёню выпаў такі шанец, але ці скарыстаецца ён ім? У аповесці “Сузіральнік” няспешная, тыпова федарэнкаўская плынь падзей, багатая апісальнасць. Мы бачым свет вачыма героя, вандруем разам з ім па горадзе, назіраем за ягоным жыццём. Нібыта мы сузіральнікі праз ягонае сузіральніцтва. Проста чытаць і атрымліваць асалоду ад слова. Як жа тонка ён яго адчувае.
Праўда, гэтая кніга прымусіла мяне трошкі сумаваць, бо надта яна меланхалічная. У творах няма захапляльных сюжэтаў, ёсць звычайныя побытавыя гісторыі, якія не маюць нейкіх нечаканых сюжэтных паваротаў. Гэта дыхтоўная проза высокай якасці, але менавіта гэты зборнік я б не раіла для знаёмства з творчасцю Федарэнкі.

Я не ведаў тады, што пісьменніку зусім неабавязкова "пазнаваць жыццё", што ўвогуле пісьменнік ведае рэальнае жыццё нашмат менш за звычайных людзей — хаця б таму, што нельга знаходзіцца ў двух месцах адначасова: трэба альбо сядзець за сталом у кабінеце перад аркушам паперы і грызці кончык ручкі ці за ноўтбукам на кухні, — або ісці "ў народ". Навучыцца выкарыстоўваць малое, каб пры дапамозе яго дабівацца большага — вось і ўвесь няхітры сакрэт пісьменніцкага рамяства.

— ...І пачынаю разумець, што быў шчаслівы менаівіта ў тыя моманты, калі здаваўся сабе няшчасным, што кожная сённяшняя нязначная дэталь, маленькая падзея, нават адсутнасць падзеі — гэта цэлае шчасце ў будучым; трэба толькі, каб яно адфільтравалася часам.

- ...І пачынаю разумець, што быў шчаслівы менавіта ў тыя моманты, калі здаваўся сабе няшчасным, што кожная сённяшняя нязначная дэталь, маленькая падзея, нават адсутнасць падзеі - гэта цэлае шчасце ў будучым; трэба толькі, каб яно адфільтравалася часам.