
Асабістая бібліятэка Марцюшковых
Pramenchik
- 186 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Люблю краудфандынгі. Ррраз - і ты ужо часцінка новага шыкоўнага праекту. І ўжо не проста набыў кніжку, а ўласнымі рукамі дапамог ёй адбыцца.
"Дом цікаўных казак" падтрымала з радасцю - добрыя казкі я люблю, а калі захочацца захаваць "дарослы" выгляд, заўсёды можна сказаць, што гэта ж не для сабе, гэта ж для дзетак.
Ну, можна і так сказаць. Толькі спачатку я сама разгледзела, абнюхала, палашчыла, сяброўку пералістаць прымусіла, прачытала за вечар. А потым ужо дзецям аддала.
Кніжка вельмі прыгожая. Старонкі - амаль як у часопісе. Малюнкі - не малюнкі нават, а фота папяровых складанак, ды такія добрыя, што тэкстуры аж адчуваеш пальцамі. А фарбы! Не кожны раз знойдзеш дзіцячыя ілюстрацыі такіх насычаных колераў - цёмна-сіні, руды, чырвоны, зялёны, фіялетавы, нават чорны! Чамусьці ўсім хочацца напіхаць у дзіцячую кніжку ці чагосці "вырві-вока", ці чагосці штучна-"вясёленькага". А "Дом" проста хочацца есці вачамі. Нельга не падзякаваць мастачцы, ёй тут належыць палова чараўніцтва. Мы з сяброўкай надоўга заліплі, спрачаліся, з якіх матэрыялаў гэта ўсё было, ды як размалявана.
А калі наглядзішся, пачынаеш чытаць. Ад прадмовы да эпілогу "Дом" суцэльны. Кніга для малодшага ўзросту, але аўтар не лічыць дзяцей неразумнымі, і па два разы не паўтарае. Таму чытаць трэба ўсё, і тады зразумееш, што няма тут асобных казак. Ёсць дом, пабудаваны на скрыжаванні, дзе цікаўныя - не цікавыя, не памыліцеся! - казкі звычайна спяшаюцца па сваіх справах. А раз ужо тут з'явіўся дом, яны могуць зазірнуць у акенца. Перад кожнай кватэрай, куды зазірнула чарговая госця, маецца прыхожая, усё як у людзей. На сценах і на дзвярах прыхожых - цудоўныя надпісы, карысныя і для дарослых. Паглядзеў, пачытаў, паспрабаваў настрой - і адчыняй дзверы!
Казачкі зусім маленькія і простыя, вельмі пяшчотныя. Прыемна іх праглядаць перад сном. Дзеці пазнаюць сябе і сяброў у маленькіх жыхарах кватэр. Дарэчы, кватэры! Гэта самыя сапраўдныя гарадскія казкі! І сённяшняе дзіця лёгка пазнае такі блізкі і такі казачны сусвет. І вучыцца заўважаць цуды побач.
Мае дзве дзяўчынкі ўжо чытаюць самі. Адна адразу знайшла казку пра цёзку і пазнала сябе. А другая пачала спачатку і так упадабала казку, што пажадала аўтару поспехаў самой Роўлінг (проста іншых знакамітых аўтараў складана прыгадаць). Ну, а хлопчык мой чытаць толькі вучыцца, так што з ім пачытаем разам. Якраз першая казка - пра хлопчыка.





