
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Гэтая кніга напісаная, па-мойму, перадусім для сяброў і паплечнікаў Алеся Бяляцкага, для тых, хто далучыўся да беларускага нацыянальнага руху ў сярэдзіне 80-х, хто быў у той час сябрам якой-небудзь нацыянальнай моладзевай суполкі, што з’явіліся тады практычна ў кожным вялікім беларускім горадзе. Каб згадалі той легендарны час, каб не мелі пачуцця, што ўсё тое было дарма і жыццё прайшло ў мройных пошуках чагосьці недасяжнага.
Не, не дарма, кажа ў сваёй кнізе Бяляцкі. І хто тады ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху - набліжаў паўставанне незалежнай Беларусі, уласнымі сіламі рабіў гісторыю сваёй Айчыны. І хоць крыло радзімы аказалася халодным, аднак прынамсі жывым.
Новая кніга Алеся Бяляцкага таксама карысная для даследчыкаў найноўшай гісторыі Беларусі. Бо яна ўтрымлівае не толькі ўспаміны непасрэднага аранізатара і ўдзельніка многіх пратэстных акцый канца 80-х - пачатку 90-х гадоў, але і шмат гістарычных дакументаў. Розных адозваў, статутаў, артыкулаў з тагачаснага падпольнага друку, тэкстаў прамоў і інтэрв’ю, а таксама лісты аўтара з-за кратаў.
Ёсць тут і чыста літаратурныя творы, як напрыклад апавяданне ў жанры непрыдуманай гісторыі “Усяго толькі суткі”, аповед пра тое, як аўтар трапіў у 1999 годзе ў міліцыю, як яго хацелі пасадзіць на суткі, але міжнародная рэакцыя ў той раз дапамагла выйсці на волю. Бяляцкі па-майстэрску апісвае будні беларускага РАУС і той кантынгент, які туды трапляе штодзень.
Шмат у кнізе чыста праваахоўных матэрыялаў – пра будні праваабарончай арганізацыі “Вясна”, пра міжнародныя паездкі аўтара і сустрэчы з праваабаронцамі са ўсяго свету.
Ёсць у кніге і гістарычныя нарысы пра розных дзеячаў беларускай гісторыі, як прыклад, пра айца Андрэя Цікоту, або пра савецкіх дысідэнтаў.
Мала хто напэўна памятае, што 1996-97 гадах у тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” існавала аўтарская калонка Алеся Бяляцкага. Тады Алесь быў дырэктарам музея Максіма Багдановіча. У кнігу ўлючаны і тагачасныя публікацыі ў “ЛіМе”, якія і сёння цікава пачытаць.