
Кнігарня пісьменніка
Husit
- 130 книг

Ваша оценкаЖанры
Ваша оценка
Новую кнігу Вінцэся Мудрова чакалі. Папярэдняя ягоная кніга «Багун» выйшла ў 2013 годзе і была адзначана трэцяй узнагародай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Новы зборнік наваполацкага празаіка пабачыў свет у серыі «Кнігарня пісьменніка». Нельга сказаць, што ўсе гэтыя тры гады, якія падзяляюць выхад кніг, былі для Мудрова перыядам маўчання. Пісьменнік па-ранейшаму актыўна друкаваўся ў часопісе «Дзеяслоў» і газетах «Літаратурная Беларусь» і «Наша Ніва». Чакалася, што менавіта найноўшыя апавяданні складуць новы зборнік. Аднак сам аўтар вырашыў зрабіць больш шырокае выбранае. Магчыма, ён імкнуўся ўкласці кнігу з пэўнай цэльнасцю зместу. Але хутчэй аўтар проста выбраў для зборніка свае любімыя творы, напісаныя за апошнія 15-20 гадоў.
Прозу Вінцэся Мудрова немагчыма зблытаць з нейкай іншай, іншага аўтара - і не толькі беларускага. Ягоны іранічны стыль стаў той адметнасцю, якая пазнаецца з першых радкоў.
Бадай з усіх ранейшых кніг зборнік «Забойца анёла» ўтрымлівае найменш твораў сацыяльнага зместу, то бок тых, у якіх аўтар адкрыта паказвае абсурд савецкага ладу жыцця. Перадусім гэта аповед «Дваццаць крокаў дарогі», у якім апавядаецца, як вясковыя выпівохі дасталі з ракі трактарам вялікі бюст Сталіна і спрабавалі яго прадаць, або абмяняць на гарэлку. Ну і хіба яшчэ аповед «Чалавек з сажнем».
Пэўную зместавую блізкасць маюць аповеды «Ведзьма» і «Курортны раман». З аднаго боку гэта вясёлыя гісторыі пра каханне і адпачынак, у тым ліку ў санаторыі. З іншага боку – гэта трагедыі, калі рушацца мары і нават само жыццё ідзе пад адхон.
Ёсць у кнізе два аповеды - настальгічна-кранальныя. Гэта пра дзяцінства. У аповедзе «Палёты праз цэнтр зямлі» галоўны героў, школьнік пятага класа, разважае над тым, што будзе, калі пракапаць тунэль праз Зямлю наскрозь. Ці можна праз яго трапіць у Амерыку? І са сваёй ідэяй ён дзеліцца і са старэйшым братам, і з сябрамі. І ўсё спрабуе дазнацца, ці магчыма гэта зрабіць.
Іншы аповед называецца «Палёт над бусліным гняздом». Аднаму хлопчыку бацька з камандыроўкі прывёз прапелер, які можна запускаць у паветра, моцна пацягнуўшы за лёску. І ўсіх яго сяброў і аднакласнікаў апаноўвае гэтая забаўка, і яны пачынаюць самі вырабляць такія прапелеры.
Тут паміж радкоў паўстае пытанне: куды знікаюць гэтыя чыстыя, дапытлівыя душы дзяцей, калі яны вырастаюць і ператвараюцца ў герояў іншых аповедаў Мудрова з дарослага жыцця?
Ну і варта згадаць пра аповед, які даў назву ўсёй кнізе - «Забойца анёла». Герой твору, які жыве на Ніжняй Волзе, ідзе на паляванне і вяртаецца звар'яцелым, з жахам мармычучы, што ён забіў анёла. Гэта ўжо хутчэй філасофскі аповед, напісаны ў традыцыі класічнай прозы другой паловы 20 стагоддзя.
Відавочна, забіць анёла можна не толькі са стрэльбы. Бо інакш як патлумачыць бязглуздае жыццё большасці герояў твораў Віцэся Мудрова. Хіба магчыма такое жыццё, калі маеш свайго нябеснага абаронцу?

Кажуць,што творчасць Мудрова падобна на Зошчанкаўскую. Магчыма, найперш, усвядомленай незалежнасцю? Але ў пачуццях Мудрова да "маленькага чалавека", героя сваіх твораў, больш прыхаванага драматызму. Я б назвала гэта "гуманным" постмадэрнізмам.
На маю думку, лепшы твор кнігі супадае з назвай зборніка і асацыюецца з кінастужкай Івана Вырыпаева "Эйфарыя"(асабліва с першымі кадрам).