
Книжный сюрприз 2018 (хочу, не могу)))))
Cat_show_live
- 84 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Заўжды радуюсь, калі сустракаю добрыя і цікавыя выданні па культуры паўсядзённасці. Асабліва калі гэта тычыцца родных мясцін. "Сакатала бочачка" ў гэтым сэнсе сапраўдны падарунак, бо алкагольную тэматыку я вельмі люблю і ў практыцы (добрай якасці і ў добрай кампаніі), і ў тэорыі, а кніг пра спіртныя напоі і культуру іх спажывання выдаецца ўсё ж няшмат.
Выданне хочацца ўхваліць, перш за ўсё, за знешні выгляд, бо кніга атрымалась прыемная ва ўсіх адносінах - добры шрыфт, сціплая прыгажосць, малюнкі суадносна тэме. Калі чапляцца, дык хацелася б бачыць больш аўтэнтычных гравюр і іншых выяў, але гэта не надта істотна. Змест таксама адпавядае чаканням. Аўтар досыць цікава распавядае крыху пра гісторыю вядомых беларускіх напояў (піва, старка, пітны мёд, крупнік, розныя наліўкі), крыху пра тэхналогіі і асаблівасці іх вырабу (для аматараў практычных заняткаў нават прыводзіць рэцэпты), крыху пра культуру спажывання. Асобны раздзел прысвечаны, напрыклад, спецыяльнаму "алкагольнаму" посуду, але і ў раздзелах, прысвечаных розным напоям, гаворка ідзе пра, так бы мовіць, сацыяльны аспект - цалкам страчаны ў нашай культуры піўны каляндар, любоў мясцовай шляхты да салодкіх напояў (у рэйнскія віна дабаўлялі цукар!), наяўнасць "прыемных аптэчак", у якіх гаспадыні захоўвалі ўласна прыгатаваныя настойкі, паступовую змену розных напояў і пераход ад слабых да моцных, што можна цікава, але ўсё ж беспадстаўна звязаць з агульным падзеннем культурнага ўзроўню. Дарэчы, я чакала, што будзе шмат матэрыялу пра знакамітыя шляхецкія папойкі ХVІІІ стагоддзя, але яны засталіся фактычна па-за ўвагай. Зразумела чаму - аўтар малюе крыху ідэалізаваны вобраз мінулага і выступае за памяркоўнасць у спажыванні алкаголю, а тут такі адмоўны прыклад. Крыху дзіўна выглядае спалучэнне ўсеагульнай крытыкі сучасных беларускіх вытворцаў і спажыўцоў з ухвалай ў бок аднаго з буйных вытворцаў, які быццам бы выпадкова з'яўляецца галоўным спонсарам... Але я разумею - есці хочацца ўсім. А вось чаго не разумею наогул, дык гэта поўную адсутнасць адсылак да крыніц пры тым, што аўтар называе сябе "прафесійным даследчыкам". Так што я ўспрымаю выданне менавіта як навукова-папулярнае, і ў гэтым сэнсе яно выглядае выльмі добра.

Традыцыйная культура беларусаў складаецца з розных складнікаў – светагляду, фальклору, традыцыйнай гаспадаркі, кухні і многіх іншых. Сярод іх ёсць і гэты складнік, пра які апавядае кніга Кухмістра Верашчакі. Гэтую тэму раней практычна ніхто не даследаваў, хіба што толькі ў кнігах пра ежу і стравы можна было прачытаць асобныя рэцэпты налівак.
Якія алкагольныя напоі пілі нашыя продкі? Што можна лічыць нашымі традыцыйнымі трункамі? Большасць беларусаў наўрад ці адказала б на гэтыя пытанні. Адсюль паўставалі розныя непраўдзівыя легенды, напрыклад, пра тое, што крамбамбуля – гэта традыцыйны беларускі напой. У выніку ў беларускіх крамах з’явіўся гэты трунак у продажы пад знакам вяртанне беларускай традыцыі. І больш таго, нават з’явіўся рок-гурт “Крамбамбуля” на чале з Лявонам Вольскім. Але Кіхмістр Верашчака ў сваёй кнізе даводзіць, што гэты напой ніколі не меў на нашых землях “надта глыбокіх каранёў”, а паходзіць ён з Германіі, дакладней, быў традыцыйным напоем намецкамоўнага свету. "У нямецкім студэнцкім жаргоне 16-19 стст. слова "крамбамбуля" ўжывалася спачатку ў значэнні “алкагольны кактэйль”, “глінтвейн”, а пазней як сінонім любога алкаголю, прыкладна як “бырла” ці “выпівон”.” Тагачаснымі студэнтамі была нават напісаная адмысловая песня, якая мела больш за 100 куплетаў, кожны з якіх заканчваецца клічам: "крамбамбулі!"
Дык а што тады лічыць беларускімі традыцыйнымі алкагольнымі напоямі? Кухмістр Верашчака дае свой пералік: пітны мёд, крупнік, старка, наліўкі ды настойкі, перадусім зуброўка і рабінаўка. Пра гісторыю гэтых напояў напісана цікава, з гістарычнымі экскурсамі.
Ну і не менш цікавы раздзел прысвечаны… самагону. Гэты напой найбольш звязаны з найноўшым часам і мае нават свае рэгіянальныя адметнасці. Пра гэта згадвае ў сваё кнізе Кіхмістр: “Варта, вядома, падумаць і аб захаванні традыцый тых рэгіёнаў, якія паспелі асабліва праславіцца як гістарычныя цэнтры беларускага самагонаварэння – такіх як Налібоцкая пушча з яе знакамітай “бакштанкай” або ваколіцы Старых Дарог.” Класічны самагон у Беларусі не так даўно пачалі вырабляць прамыслова – на віна-гарэлачных заводах.
Ну і нельга не адзначыць, што пасля выхаду гэтай кнігі становішча на беларускім рынку алкагольнай прадукцыі значна разнастаілася, прынамсі з’явіліся айчынныя “Старка” і “Крупнік”. Значыць, мясцовыя традыцыі вяртаюцца. )









