
Пераклады
Wild_Iris
- 1 227 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Позьнім вечарам мы ішлі на вакзал, горад быў амаль пусты. Вуліцы, вылізаныя дажджом, паблісквалі ў чорным вечаровым сьвятле, як доўгія стужкі сьлюды. Паветра наплывала душнаю цёплаю хваляю, а поўная Дзьвіна неспакойна шумела над гнуткімі масткамі. На вузкіх вулках мяне чамусьці ахоплівала пачуцьцё, што адусюль праз шчыліны ў аканіцах на нас глядзяць вочы. Толькі на цэнтральнай вуліцы рух трохі ажывіўся, але людзі моўчкі абміналі нас, не паварочваючы галавы, гледзячы ў зямлю ці перад сабою невідушчымі вачыма. Пяць месяцаў таму мы праходзілі праз гэтыя самыя вуліцы Віцебску ў сьпякотны чэрвеньскі дзень, аддзеленыя ад ходнікаў сталёвай лініяй штыкоў. Дзьвіна лянотна цякла ў высахлым рэчышчы, па вуліцах, ліпкіх ад сьпякоты, хуткаю хадою ішлі спрацаваныя мінакі, перакідваючыся рэдкімі словамі й не спыняючыся: чыноўнікі ў заломленых шапках, рабочыя ў зашмальцаваных камбінэзонах, хлопцы з рэчмяшкамі, салдаты ў высокіх, сьмярдзючых ад ваксы ботах, кабеты ў брыдкіх паркалёвых сукенках. Я шмат аддаў бы за тое, каб пабачыць вясёлых, гаваркіх людзей! Мы міналі дамы з адчыненымі вокнамі, на якіх не было стракатых фіранак, крадком зазіралі ў двары, дзе не сушылася бялізна, бачылі замкнёны касьцёл з надпісам „Антирелигиозный музей”, вялізную чырвоную зорку на шпілі ратушы, чыталі лёзунгі на вулічных расьцяжках. Гэта быў ня Горад Смутку; гэта быў горад, у якім ніколі ня ведалі радасьці.





