
Пераклады
Wild_Iris
- 1 226 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Непаслядоўнасць — гэта прыхаванае ўсведамленне спрэчнасці самога свету.

Мы павінныя схіліць галаву перад гэтым прыкладам абсалютнай паслядоўнасці, якая не заплюшчвае вочы на часам спрэчныя вынікі выкарыстання сваіх жа прынцыпаў. Але разам з тым мы не можам не заўважаць, што — з іншага боку — толькі дзякуючы непаслядоўнасці чалавецтва яшчэ захавалася на зямлі. Чаго патрабуюць ад салдата, які ідзе на вайну? Зразумела, каб ён быў паслядоўным, баронячы сваю айчыну. (Я кажу "баронячы", бо на вайне, як вядома, існуе толькі абарона і яна заўсёды справядлівая). Войны з такімі салдатамі могуць скончыцца адно тады, калі на адным з бакоў будзе знішчаны апошні змагар за паслядоўнасць. Чаго дзяржава патрабуе ад грамадзяніна? Паслядоўнасці ў вернасці дзяржаве і яе ладу. Таму паслядоўны грамадзянін будзе з гонарам супрацоўнічаць з тайнай паліцыяй, бо ведае, што яна выступае неабходным чыннікам існавання дзяржавы, яе славы і прагрэсу. Самая лёгкая справа на свеце давесці, што так яно і ёсць насамрэч, і кожны грамадзянін, які вагаецца наконт даносаў у тайную паліцыю, з пэўнасцю з'яўляецца непаслядоўным грамадзянінам. Дапусцім, што мы ўважаем нейкую справу самай важнай для свету, напрыклад, справу паўсюднага абавязку насіць цыліндры ва ўсіх краінах. Ці ж мы будзем тады адмаўляцца ад таго, каб накідваць гэтую канцэпцыю з дапамогай вайны, агрэсіі, правакацыі, шантажу, тайных забойстваў, застрашвання, тэрору і катаванняў?
Раса хісткіх і мяккіх, раса непаслядоўных, тых, хто смакуе курыныя кумпячкі, але для якіх зарэзаць курыцу — гэта абсалютна неверагодны ўчынак; хто хоча паводзіць сябе лаяльна стасоўна дзяржавы, але не піша даносы ў тайную паліцыю; хто ідзе на вайну, але ў безнадзейнай сітуацыі хутчэй прыме палон, чым загіне на пазіцыі, баронячы яе да апошняга; хто цэніць праўду, але не кажа знаёмаму мастаку, што той намаляваў абы-што, больш за тое, няўпэўненым голасам прамаўляе хвалу, у якую яны абодва не вельмі вераць; словам — раса непаслядоўных людзей і надалей застаецца адной з галоўных крыніц надзеі на тое, што, можа быць, людскі род яшчэ здолее трохі пратрымацца. Гэтая раса адной сваёй часткай верыць у Бога і вышэйшасць вечнага збаўлення над тленнымі дабротамі, але не дамагаецца вяртання кастроў для ерэтыкоў; другая яе частка не верыць у Бога і вітае рэвалюцыйныя спосабы сацыяльных пераменаў, аднак не ўхваляе, калі гэтыя перамены робяцца такім чынам, які супярэчыць іх маральнай традыцыі.
Іншымі словамі, паслядоўнасць ідэнтычная фанатызму, а непаслядоўнасць — крыніца талерантнасці. Калі хтосьці нязломна перакананы ў выключнай праўдзівасці сваіх перакананняў, дык як ён можа талерантна ставіцца да чужых меркаванняў? Якіх гэта даброт і каштоўнасцяў можна чакаць ад сітуацыі, у якой вольна распаўсюджваюцца фальшывыя погляды, якія так альбо іначай нясуць шкоду грамадству? У імя чаго тады адмаўляцца ад выкарыстання сродкаў, якія ў яго разуменні вядуць да мэты, што лічыцца слушнай?

"Рэванш сакральнага ў свецкай культуры"
Зразумела, хапае спосабаў расцярушыць жыццё ў штодзённых здарэннях, але і тады яно будзе толькі адчайным і бесперапынным прагненнем жыцця, а напрыканцы – жалем, што жыцця не было. Прыняць жыццё і прыняць яго адначасова як паразу магчыма толькі пры ўмове прызнання сэнсу, які з перспектывы чалавечай гісторыі не зусім іманентны, гэта значыць – пры ўмове прызнання наяўнасці сакральнага парадку. У гіпатэтычным свеце, з якога сакральнае будзе выдаленае да рэшты, застануцца адно дзве магчымасці: пустыя фантазіі, замкнутыя на саміх сабе, і непасрэднае самазадавальненне. Гэты выбар быў прапанаваны Бадлерам: какахнкі прастытутак і каханкі аблокаў; тыя, што ведаюць толькі імгненнае задавальненне і таму заслугоўваюць пагарды, і тыя, што губляюцца ў лянотных трызненнях і з гэтага таксама вартыя пагарды. Тады ўсё вартае адно пагарды, і гэта канцавая мараль. Свядомасць, якая вызвалілася ад сакральнага, пра гэта ведае, нават калі і хавае гэтую веду ад самой сябе.