
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Раман-дакумент Алеся Пашкевіча "Пляц Волі" ўпершыню быў апублікаваны часопісам "Маладосць" у 1999—2000 гадах; асобнай кнігай выйшаў у серыі "Беларускі гістарычны раман" у 2001 годзе. Быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Валянціна Пікуля і залатым медалём Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў-баталістаў і марыністаў "за гістарычную праўду".
Кніга Алеся Пашкевіча "Пляц Волі" прысвечана станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў пачатку XX стагоддзя. Бадай гэты раман стаў першым мастацкім творам, які адлюстраваў няпросты перыяд беларускай гісторыі аб’ектыўна – без ідэалагічнай афарбоўкі і ацэнак з чужынскіх пазіцыяў.
Раман атрымаў шырокі розгалас – быў перакладзены на рускую і украінскую мовы. На рускую мову раман пераклаў Фёдар Яфімаў. Першая частка твора была апублікавана ў часопісе "Нёман", аднак другую частку рэдакцыя часопіса адмовілася публікаваць. У Расіі "Пляц Волі" пабачыў свет у 2009 годзе на старонках лютаўскага нумара часопіса "Сибирские огни".
Украінская версія раману выйшла ў Кіеве ў 2008 годзе пад назвай “Майдан Волі” і была ўзнагароджана дыпломам Міжнароднай акадэміі рэйтынгу папулярнасці "Залатая фартуна".
У рамане шмат дзеючых асобаў, гэта ці не ўсе асноўныя дзеячы беларускага адраджэння пачатку 20 стагоддзя - Алесь Гарун, Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала, Кастусь Язавітаў, Ядвігін Ш. і многія іншыя. Апісваючы беларускі грамадска-літаратурны і палітычны рух напярэдадні і пасля абвяшчэння БНР, пісьменнік паказвае малавядомыя і невядомыя старонкі мінулага, а таксама дзейнасць беларускай дыяспары ў Літве, Латвіі, Чэхіі, Нямеччыне, Украіне і Польшчы.
Раман Алеся Пашкевіча “Пляц Волі” не стаўся гісторыяй трагедыі - насуперак наканаванасці лёсу Слуцкага збройнага чыну і Беларускай Народнай Рэспублікі. Як пісала крытык Ірына Шаўлякова ў рэцэнзіі на кнігу, “мне лёгка паверыць, што “Пляц Волі” — раман-дакумент: мне проста верыць у такі Слуцкі збройны чын — без згукаў плачу і сентыментальнай героікі. Адны суайчыннікі сёння абяцаюць другім суайчыннікам, што “навучаць іх любіць радзіму”. Насуперак абяцанням, другія — дзівакі! — застаюцца аптымістамі і бачаць сны аб Беларусі.”







