
Кнігарня пісьменніка
Husit
- 130 книг

Ваша оценкаЖанры
Ваша оценка
Таццяна Барысік ішла ў літаратуру нетаропкімі крокамі. Адна з першых публікацый яе з’явілася яшчэ ў 2000-ым годзе – нізка вершаў у часопісе “Першацвет”. У 2003-м на друкарскім абсталяванні Асіповіцкага інфармацыйнага цэнтру быў выдадзены зборнічак вершаў Таццяны “Гаркну ў бліскучы мацюгальнік”. Праўда, накладам усяго 18 асобнікаў. З 2004 года Барысік друкуе пераважна прозу. І вось толькі ў 2014-ым пабачыла свет яе кніга апавяданняў “Жанчына і леапард”.
На кнігу адразу звярнулі ўвагу і чытачы, і крытыкі. Для беларускай жаночай прозы гэта было смела, экспрэсіўна і па-жаночы з'едліва. Сама Таццяна нарадзілася ў Магілёве, але па сканчэнні Магілёўскага ўніверсітэта, дзе яна атрымала спэцыяльнасць педагога, была вымушана па накіраванні адпрацаваць у вясковых школках. Дзе пабачыла вачыма гараджанкі сённяшняе вясковае жыццё і апісала гэта ў сваіх апавяданнях. Натуральна, калі б Барысік паходзіла з вёскі, то наўрад ці яна глядзела на гэтае жыццё ў такім крытычным ракурсе. Некаторыя рэчы здаваліся б ёй звыклымі, не вартымі пісьмовага "запечатленія". Але для жыхаркі Магілёва, ды яшчэ настаўніцы па адукацыі было чым натхняцца, назіраючы за суседзямі і аднавяскоўцамі.
Проза Таццяны Барысік блізкая да аповедаў празаіка з Мастоў Лявона Вашка. Абодва яны апісваюць розныя забаўныя, смешныя або трагічныя гісторыі жыхароў беларускай глыбінкі. Толькі ў Вашка больш мастацкая тканіна прозы. Да таго ж у апавяданнях Барысік дзе-нідзе з'яўляецца публіцыстычнасць і маралізатарства (усё ж аўтар настаўніца і ёй цяжка стрымацца, каб не выставіць ацэнкі за ўчынкі сваім героям).
З горыччу яна апісвае і школьнае жыццё ў беларускіх вёсках, дзе захавалася казёншчына і амаль знікла беларушчына, хоць большасць гэтых школак лічацца беларускамоўнымі. І гэтыя дзеці, якія не атрымліваюць патрэбнага багажа ведаў і маральных арыентыраў, вырастаюць і арганічна ўліваюцца ў застаялае, беспрасветнае жыццё беларускай вёскі, не спрабуючы ў ім нічога змяніць і палепшыць. У кнізе ёсць некалькі апавяданняў пра вясковых дзяўчын і хлопцаў, якія з дзяцінства мелі талент да мастацкай творчасці, спрабавалі пісаць вершы, у іх гэта атрымлівалася, тыя вершы з'яўляліся на старонках мясцовага друку, але багна правінцыйнага жыцця засмоктавала іх, або яшчэ горш, з-за сваёй схільнасці да творчасці яны ўступалі ў канфлікт або ў сваім працоўным або вучэбным калектыве, або, часцей за ўсё, у асяроддзі сваіх сямейнікаў і сваякоў. І ім нічога не заставалася, як пазбавіцца ад «шкоднай звычкі».
Бадай кожнае апавяданне Таццяны Барысік можа заканчвацца словамі, якімі завершаны аповед «Навіна тыдня»: «Адгарэў яшчэ адзін дзень у адміраючай вёсцы. А ў гэты самы час недзе далёка-далёка, за самым небакраем, у паралельным свеце запускалі касьмічныя спадарожнікі ды працягвалі змагацца з тэрарызмам».

Аўтарка - адкрыцьцё ў беларускай літаратуры гэтага году для мяне. Для ўсіх і пра ўсіх. Смак па кнізе - як па творах Андрэя Федарэнкі. Кніга, якую параіць можна і хочацца кожнаму. І хочацца яшчэ.

Я першы?:) Дзякуючы прэміі Гедройца даведаўся пра гэтую кніжку. Выпадкова знайшоў яе у Мінску. Пачаў чытаць. І такая ўсмешка на твары! Выдатныя апавяданні. Простыя і глыбокія. З жыцця. Але два апошнія пакуль не прачытаў:) Таму толькі 8 з 10:)

Усё-такі леапард у Індыі і чалавек са Слабодкі , што ні кажыце, шмат агульнага маюць: абодва вольнымі нараджаюцца. Але пасля ў чалавека з'яўляецца прысядзібная гаспадарка, праца, дзеці, раскрадальнік алюмініевых тазікаў Сярожка, хворая нага, і ён паўстае на раздарожжы: або ўласная годнасць, чыстае сумленне, але замардаванае існаванне штодня ды малыя шанцы дасягнуць пенсійнага веку ў выніку, альбо з аптымізмам у будучыню - з паляндвічкаю да чулага кіраўніцтва пад пахай, варыкозныя ногі за сабою цягнучы. Тады фінал крыху іншы - трансфармацыя імкнення да свабоды і самапавагі ў нечаканае жаданне стаць леапардам.
(Жанчына і леапард)

Машыну купілі. Бычка на адкорм узялі. Дзеці здаровыя. Чаго Бога гнявіць - цяперашняе маё існаванне не такое ўжо і кепскае. Толькі вось ніяк не вызначуся, што яно мне нагадвае: нішчымны сталоўскі боршч ці вечарыну ў цёткі Лілі, дзе ўсе вакол рагочуць, а я - неапшчыцельная.

Са сцяны цеснага рэдакцыйнага кабінета на Карпаўну з Сямёнаўнай спакойна і гожа пазіраў леапард у атачэнні зялёных шатаў. Над ім дыхала гарачынёй паўднёвага неба, а пад ім ляжала родная зямля і адзіная дарога, тая, па якой толькі ягоная здабыча на вадапой ходзіць.
(Жанчына і леапард)