
Сяргей Дубавец не любіць розныя складанкі і зборнікі-салянкі, ён прыхільнік цэльных, канцэптуальных кніг. Такой з'яўляецца і «Карабель у блакітным моры плыве». Увогуле ў нейкім сэнсе гэтая кніга прыемна нечаканая. Дубавец вядомы перадусім як публіцыст, адзін з лідараў беларускага моладзевага руху ў 80-х, які аднавіў выданне легендарнай беларускай газеты «Наша Ніва» і доўгі час быў яе галоўным рэдактарам. У гэтага пісьменніка не так і шмат чыста мастацкіх кніг. І бадай найлепшая з іх "Карабель".
Сам Дубавец, прадстаўляючы сваю кнігу, кажа, што ўсё, пра што ў ёй напісана – выдумка аўтара, што ў кнізе няма нічога рэальнага – ані герояў, ані нейкіх канкрэтных геаграфічных месцаў.
Хаця дапытлівы чытаць знойдзе ў гэтым творы шмат знакаў, якія сведчаць, што гэтая кніга пра Беларусь. Прычым згадваюцца тут і імёны рэальных людзей, напрыклад, мастакоў Аляксея Марачкіна і Артура Клінава, або паэта Алега Мінкіна.
Два галоўныя героі твора жаўнеры Кайлюс і Зелба жывуць у эпоху несмяротнасці на палігоне, які даўно ніяк не выкарыстоўваецца, штодзень яны абыходзяць даручаную ім тэрыторыю і сочаць за парадкам. З дня ў дзень у іх жыцці нічога не адбываецца і само жыццё ператавараецца ў несмяротнасць. Жаўнеры ведаюць, што за ўсім сочыць доктар Блюм, якога яны ніколі не бачылі, які нібыта заўжды прысутнічае побач у паветры. Варта было толькі парушыць рэгламент, як адразу парушальнік губляў несмяротнасць. І яшчэ. У гэтай краіне заўжды была зіма.
Аднойчы адбылося неверагоднае – жаўнеры пабачылі ўмёрзлую ў лёдзе ракі дзяўчыну. Яны выпілі куб лёду разам з ёй, прынеслі ў сваёй жытло, лёд растаяў, а дзяўчына ажыла. З гэтага здарэння пачынаюцца парушэнні рэгламенту і набліжэнне вясны. Але адначасова жаўнеры згубілі і несмяротнасць. І ўзнікла балючае пытанне: што ж цяпер ім рабіць, калі яны страцілі несмяротнасць? Жаўнеры вырашаюць знайсці доктара Блюма і запытацца ў яго.
Як бачым гэтая кніга Сяргея Дубаўца напісаная ў жанры алегорыі. Нечым яна нагадвае аповесць Алега Мінкіна «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў», а таксама алегарычныя прыпавесці Янкі Сіпакова і Васіля Быкава. Такую кнігу наўрад ці можна зразумець пасля аднаго прачытання. А пры кожным новым прачытанні, чытач адшукае ў творы нейкія новыя сэнсы, разгадае новыя алегарычныя знакі.
У фінале кнігі Кайлюс і Зелба, атрымаўшы трэцяе вока, каб зазірнуць у заўтра, убачылі мора і карабель. Сіні карабель у блакіным моры плыве.





































